Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ганс-Дурань

Жыў у сваёй сялібе стары гаспадар, і былі ў яго два сыны, такія разумнікі, што і напалову хапіла-б. І яны парашылі пасватацца да каралеўны, — чаму-ж не? Яна сама абвясціла, што, возьме за мужа таго, хто па слова ў кішэню не лазіць.

Двое разумнікаў рыхтаваліся цэлы тыдзень; больш у іх не было часу, ды і таго было досыць: пачаткі ведаў у іх былі, а гэта вельмі важна. Адзін ведаў напамяць увесь лацінскі слоўнік і мясцовую газету за тры гады, ад пачатку да канца і ад канца да пачатку. Другі вучыў ужо цэхавую прамудрасць, — што які цэхавы старшыня павінен ведаць; значыцца, ён мог разважаць і пра справы дзяржаўныя, — так, прынамсі, ён сам думаў. Апрача таго ён быў франт і ўмеў вышываць шлейкі, а гэта не малое мастацтва.

— Каралеўна будзе маёй, — казаў і той і другі.

І вось бацька даў кожнаму цудоўнага каня: таму, які ведаў слоўнік і газету,— варанога, а таму, хто быў цэхавым знаўцам і ўмеў вышываць, - белага. Абодва змазалі сабе рыбім тлушчам куткі губ, каб яны лягчэй рухаліся. Усе слугі высыпалі на двор паглядзець, як жаніхі сядуць на коней, - і раптам прыбег трэці брат. Усяго-ж іх было трое, але трэцяга ніхто не прымаў пад увагу. Ён быў зусім не такі вучоны, як браты, і называлі яго проста Ганс-Дурань.

- Вы куды гэта сабраліся, чаго так парадна ўбраліся?— спытаў ён.

— Едзем да караля. Хочам выгаварыць сабе каралеўну. Хіба ты не чуў, пра што барабанілі ва ўсёй краіне?

І яны расказалі яму, у чым справа.

— Эге! Тады і я з вамі, - сказаў Ганс-Дурань.

Браты толькі рассмяяліся і рушылі ў дарогу.

— Бацька, давай і мне каня! - закрычаў Ганс-Дурань,— І мяне разбірае ахвота жаніцца. Возьме мяне каралеўна — добра, а не возьме — я сам яе вазьму.

— Годзе глупства малоць! - сказаў бацька. — Не дам я табе ніякага каня. Ты пават і гаварыць не ўмееш. Браты твае - дык тыя малайцы.