Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ах, я няшчасная! — сказала прынцэса. — І чаму-ж я тады не вышла замуж за беднага, але прыгожага прынца? Ах, якая я няшчасная!

А свінапас схаваўся за дрэва, скінуў з сябе брудную адзежу, выцер з твару чорную і бурую фарбу і зноў стаў прынцам.

Прынцэса так і ахнула.

— Дарагая прынцэса, — сказаў прынц імператарскай дачцы.— Ты не захацела выйсці за беднага прынца. Ты не ацаніла сапраўдную ружу і жывога салаўя. А за нікчэмныя, пустыя цацкі ты згадзілася пацалаваць свінапаса сто дзесяць разоў. Вось цяпер і шкадуй! Сама вінаватая! Бывай!

І ён адправіўся ў сваё каралеўства. А прынцэсе аставалася толькі плакаць ды спяваць:

Ах, мой любы Аўгустын,
Аўгустын, Аўгустын!
Усё прайшло, прайшло, прайшло!
Усё прайшло, прайшло, прайшло!