Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ён патрабуе ад вас сто пацалункаў! — далажыла фрэйліна прынцэсе.

— Ды што ён: звар'яцеў? — прынцэса і пайшла сваёй дарогай, але, ступіўшы два крокі, спынілася.

— Праўду кажучы, такое майстэрства варта ўзнагароды,— сказала яна. — Я-ж імператарская дачка і павінна падтрымліваць таленты сваіх падданых. Хай будзе так, скажыце свінапасу, што я згодна, як учора, пацалаваць яго дзесяць разоў, а рэшту няхай атрымае з маіх фрэйлін.

— Ну, не, мы не хочам цалавацца з свінапасам! — сказалі фрэйліны.

— Глупства! — сказала прынцэса. — Калі ўжо я магу цалаваць свінапаса, то вы тым болей! Не забывайце, што я кармлю вас і плачу вам грошы!

Што-ж тут рабіць! Зноў пайшла фрэйліна да свінапаса.

— Сто пацалункаў прынцэсы! — сказаў свінапас. — І ніякіх скідак!

— Ну станавіцеся вакол мяне! — скамандавала прынцэса.

Фрэйліны абступілі яе, а свінапас пачаў яе цалаваць.

У гэты час на балкон вышаў імператар.

— Што гэта за зборышча ля свіных закуткаў? — спытаў ён, праціраючы вочы і надзяючы акуляры. — Э, ды гэта фрэйліны зноў нешта выдумалі! Трэба пайсці паглядзець.

Ён надзеў свае старыя, пакошаныя пантофлі і пакалдыбаў на задні двор.

Фрэйліны былі вельмі занятыя. Яны лічылі пацалункі (трэба-ж, каб расплата была чэснай) і таму зусім не заўважылі, як падкраўся да іх імператар і прыпадняўся на цыпкі.

— Гэта што за навіны? — сказаў ён, убачыўшы, што прынцэса цалуе свінапасаў. Ён зняў з нагі пантофаль і шпурнуў у прынцэсу акурат у тую хвіліну, калі свінапас агрымліваў ад яе восемдзесят шосты пацалунак.— Вон з маёй дзяржавы! — закрычаў раз'юшаны імператар і выгнаў прынцэсу і свінапаса.

Прынцэса плакала, свінапас лаяўся, а дожджык ліў на іх з неба, як з перавернутага вядра.