Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Апоўдні прынцэса выправілася са сваімі фрэйлінамі на пагулянку і раптам пачула пералівісты звон бубенчыкаў. Яна адразу-ж спынілася і пачала прытопваць ножкай; прынцэса пазнала песеньку, якую яна сама часта грала на фортэп’яно: „Ах, мой любы Аўгустын, Аўгустын, Аўгустын!“ Толькі адну гэтую песеньку яна і ўмела граць, ды і то адным толькі пальцам.

— Ах, я-ж таксама граю гэтую п’есу! — сказала яна. — Значыцца, наш новы свінапас вельмі добра выхаваны. Няхай хто-небудзь з вас пойдзе і спытае яго, колькі ён хоча за свае бубенчыкі.

Адна з фрэйлін вымушана была надзець драўляныя чаравікі і пайсці на свінарнік.

— Што возьмеш за гаршчочак? — спытала яна,

— Дзесяць пацалункаў прынцэсы, — адказаў свінапас.

— Ці не звар’яцеў ты? — сказала фрэйліна.

— Танней нельга! — адказаў свінапас.

Фрэйліна павярнулася і, тупаючы драўлянымі чаравікамі, пабегла да прынцэсы.

— Ну, што ён сказаў? — спытала ў яе прынцэса.

— Не адважваюся нават і паўтарыць! — адказала фрэйліна.

— Ну, тады шапні мне на вуха!

І фрэйліна шапнула прынцэсе на вуха.

— Вось нахал, — сказала прынцэса і пайшла была прэч, алё ў гэтую мінуту бубенчыкі зноў зазвінелі:

Ах, мой любы Аўгустын,
Аўгустын, Аўгустын!
Усё прайшло, прайшло, прайшло!
Усё прайшло, прайшло, прайшло!