Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

толькі гэтыя два словы і таму нічога другога не маглі-б сказаць.

— Гэтая птушачка нагадвае мне арганчык нябожчыцы імператрыцы!—сказаў стары прыдворны.—Той-жа тон, тыя-ж гукі!

— Праўда! - сказаў імператар і заплакаў, як дзіця: ён успомніў сваю памёршую жонку.

— Спадзяюся, гэта птушка не сапраўдная? - спытала прынцэса.

— Сапраўдная! — адказалі ёй паслы, якія прывезлі падарункі.

— Ну, і няхай сабе ляціць, куды хоча! - сказала прынцэса і так раззлавалася, што нават не дазволіла прынцу прыехаць да яе ў палац.

Але прынц не апускаў рук. Ён вымазаў сабе твар чорнай і бурай фарбай, насунуў шапку і пастукаўся ў імператарскі палац:

— Добры дзень, імператар!—сказаў ён.—Ці не знойдзецца ў вас пры двары якога-небудзь месцейка для мяне?

— Многа вас тут ходзіць ды шукае работы, — адказаў імператар. — Але пачакай, мне патрэбен свінапас. У нас процьма свіней!

І вось прынца прызначылі прыдворным свінапасам і далі яму каморку побач са свінымі закуткамі. Прынц зачыніўся ў сваёй каморцы і прасядзеў там цэлы дзень. А к вечару ён змайстраваў прыгожы гаршчочак. Гаршчочак быў увесь абвешан бубенчыкамі, і калі ў ім што-небудзь варылі, бубенчыкі вызваньвалі старую песеньку:

Ах, мой любы Аўгустын,
Аўгустын, Аўгустын!
Усё прайшло, прайшло, прайшло!
Усё прайшло, прайшло, прайшло!

Але ў гаршчочка была яшчэ адна выдатная ўласцівасць: варта было панюхаць пар, які з яго ішоў, і адразу можна было пазнаць, якая ў каго ў горадзе гатавалася страва. Так, цудоўны быў гаршчочак — не тое, што нейкая там ружа ці салавей!