Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дзядулю паправілі: склеілі яму спіну і ўбілі ў галаву добрую заклёпку. Ён зрабіўся як новы, толькі перастаў ківаць галавой.

Вы нешта загаварыліся з таго часу, як разбіліся на кавалкі! — сказаў обер-унтэр-генерал-камандзір-сержант Казланог. — А па-мойму, тут і ганарыцца няма чым! Што-ж, аддасцё ўнучку за мяне ці не?

Камінар і пастушка з мальбой глядзелі на старога кітайца, баючыся, што ён кіўне галавой. Але ён не мог болей ківаць, а каму-ж ахвота прызнацца перад чужымі, што ў цябе ў патыліцы заклёпка?

І вось фарфоравая парачка ўжо болей не разлучалася; пастушка і камінар благаслаўлялі дзядуліну заклёпку і любілі адзін аднаго — пакуль не разбіліся.


Прынцэса па гарошыне

Жыў-быў прынц. І прышоў яму час жаніцца. Ён хацеў узяць с сабе за жонку толькі прынцэсу, ды не абы якую, а самую сапраўдную.

Ён аб'ехаў увесь свет, ды так і не знайшоў сабе нявесты. Прынцэс было многа, але-ж як пазнаць, ці сапраўдныя яны ці не.

Так і вярнуўся наш прынц дадому ні з чым і затужыў: надта ўжо яму хацелася ажаніцца з сапраўднай прынцэсай.

Аднойчы ўвечары паднялася вялікая бура. Забліскала маланка, загрымеў гром, а дождж паліў як з вядра.

Раптам нёхта пастукаўся ў вароты палаца, і стары кароль пайшоў адчыняць.

Ля варот стаяла прынцэса. Божа мой, да чаго-ж яна была падобная! Вада ручаямі цякла з яе валос і з плацця проста на туфелькі. Небарака была такая мокрая, як быццам яе толькі што выцягнулі з ракі.

І ўсё-такі яна запэўняла, што якраз яна і ёсць самая сапраўдная прынцэса.