Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Неба, усыпанае зоркамі, было над імі, усе дамовыя дахі—пад імі, а навакол ва ўсе бакі — і ўшыркі і ўдалеч - адкрываўся ўвесь белы свет. Бедная пастушка і не думала ніколі, што свет такі вялікі. Яна схіліла галоўку да свайго любага і залілася слязьмі; ад струменяў слёз нават злезла пазалота з яе пояса.

— Гэта ўжо занадта! — сказала пастушка.—Гэтага мне не знесці. Свет надта вялікі! Ах, кабы мне ды зноў апынуцца на століку пад люстрай! Не будзе ў мяне ані мінуты спакойнай, пакуль я не вярнуся туды! Я-ж пайшла за табой на край свету, цяпер ты праводзь мяне назад дадому, калі хоць трохі любіш мяне.

Камінар пачаў яе ўгаварваць, напамінаў пра старога кітайца, пра обер-унтэр-генерал-камандзір-сержанта Казланога, але яна толькі плакала несуцешна ды цалавала свайго камінара. Не было чаго рабіць, прышлося ўступіць.

І вось яны з вялікай цяжкасцю спусціліся па коміну назад, уніз, прапаўзлі праз дымаход, —не соладка гэта было!— вылезлі ў цёмную печку і прыслухаліся ля заслонкі, што робіцца ў пакоі. Усё было ціха. Яны выглянулі... Ах! на падлозе сярод пакою валяўся стары кітаец; пагнаўшыся за імі, ён зваліўся са століка і разбіўся на тры часткі; ад спіны адляцеў вялікі чарапок, а галава закацілася ў кут. Обер-унтэр-генерал-камандзір-сержант Казланог стаяў на сваім месцы і раздумваў.

— Які жах! — усклікнула пастушка. — Стары дзядуля праз нас разбіўся на кавалкі. Я гэтага не перажыву!

І яна заламіла свае маленечкія ручкі,

— Яго яшчэ можна паправіць!—сказаў камінар.—Яго дасканала можна паправіць! Толькі не гарачыся! Яны склеяць яго спіну, уваб'юць у патыліцу заклёпку,—ён зноў будзе як новы ды яшчэ наробіць нам непрыемнасцей!

— Ты думаеш?- сказала пастушка.

І яны зноў ускарабкаліся на свой столік,

— Далёка-ж мы з табой зайшлі!—сказаў камінар.—Мусіць, няварта было і турбавацца!

— Толькі-б дзядулю паправілі!- сказала пастушка.- Гэта, мусіць, дорага абыйдзецца.