Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ай, стары кітаец ідзе! - ускрыкнула пастушка і ўпала на тонкія фарфоравыя каленкі, — так яна спалохалася.

— Ведаеш, што я прыдумаў? — сказаў камінарчык.- Схаваемся ў тую вялікую візу, у куту, і ляжам там на сухія розавыя ў лавандавыя пялёсткі, а калі ён падыйдзе, засыплем яму вочы соллю[1].

— Гэта не гадзіцца! - сказала пастушка. — Я ведаю, што стары кітаец быў некалі заручаны з вазай; ад такой дружбы заўсёды што-небудзь ды застанецца. Не, нам адна дарога — пусціцца ў белы свет!

— А ў цябе сапраўды хопіць духу пусціцца са мной. у белы свет?—спытаў камінар.—Ты падумала аб тым, які вялікі свет, і аб тым, што нам ужо ніколіне прыдзецца вярнуцца назад?

— Так, так!- сказала яна.

Камінар пільна паглядзеў на яе і сказаў:

— Мая дарога вядзе праз дымны комін. Ці хопіць у цябе духу забрацца са мною ў печку і праз дымаход у комін? А там ужо я ведаю, што рабіць! Мы падымемся так высока, што яны нас не дастануць. Там на самым версе ёсць дзіра, праз якую можна выбрацца на белы свет.

І ён павёў яе да заслонкі ў печцы.

- Як там цёмна! — сказала пастушка, але ўсёж такі палезла за ім і ў печку і ў дымаход, дзе было чарнюсенька чорна, як у самую цёмную ноч.

- Ну, вось мы і ў коміне! - сказаў камінар.—А вунь, паглядзі! Прама над намі ззяе цудоўная зорачка!

Сапраўды, акурат над імі ззяла ў небе зорка, нібы паказваючы ім шлях. І яны лезлі, карабкаліся ўгару жудаснаю дарогаю, усё вышэй і вышэй! Камінар падтрымліваў пастушку, памагаў ёй і паказваў, куды ёй зручней ставіць свае фарфоравыя ножкі. Нарэшце яны далезлі да самага верху і прыселі адпачыць на ўскраек коміна, яны вельмі стаміліся, ды і не діва.

  1. Даўней у пакоях ставілі для паху вазы з сухімі кветкамі і травамі; сумесь гэтая пасыпалася соллю, каб мацней пахнула.