Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ну дык будзеш дванаццатай!- сказаў кітаец. - Сёння ноччу, як толькі старая шафа закрэхча, згуляем ваша вяселле. Так, так, каб не быць мне кітайцам!

Ён матнуў галавой і заснуў.

А пастушка расплакалася і, гледзячы на свайго мілага фарфоравага камінара, сказала:

— Я гатова папрасіць цябе, каб ты вывеў мяне адсюль хоць на край свету! Тут нам нельга аставацца!

— Чаго ты жадаеш, таго і я хачу! — сказаў камінар. — Давай пойдзем зараз-жа. Сапраўды-ж я здолею пракарміць цябе сваёй работай.

— Толькі-б нам удалося злезці са століка! — сказала яна. — Я не супакоюся, покуль мы не будзем далёка-далёка адсюль!

І яны сталі спўскацца. Ён падбадзёрваў яе і паказваў, куды ёй лепш ступіць сваёй фарфоравай ножкай, на які фігурны выступ або на пазалочаны завіток ножкі стала. Лесенка камінара таксама нямала дапамагала ім, так што яны шчасліва спусціліся на падлогу. Адтуль яны зірнулі на старую шафу — ой, які там быў пярэпалах! Усе алені выцягнулі шыі, растапырылі рогі і маталі галовамі; обер-унтэр-генерал-камандзір-сержант Казланог высока падскочыў і крыкнуў старому кітайцу:

— Яны ўцякаюць! Яны ўцякаюць!

Уцекачы трохі спалохаліся і скокнулі ў падаконную шафку. Там ляжалі разрозненыя калоды карт, лялечны тэатр. Ён быў сяк-так пастаўлены, і на сцэне ішоў спектакль. Усе дамы-і бубновыя, і чырвовыя, і трэфовыя, і піковыя— сядзелі ў першым радзе і абмахваліся сваімі цюльпанамі, а за імі стаялі валеты і стараліся паказаць, што яны з двума галовамі, як і ўсе фігуры ў картах. П'еса паказвала пакуты закаханых, якіх разлучылі, і пастушка заплакала: гэта так нагадвала і яе становішча.

— Я не магу болей, — сказала яна.—ідзем адсюль!

Але калі яны апынуліся на падлозе і глянулі на свой столік, то ўбачылі, што стары кітаец прачнуўся і ківаецца ўсім тулавам: у яго-ж у сярэдзіне перакатваўся свінцовы шарык,