Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

завітушкамі. З завітушак высоўваліся аленевыя галоўкі з галіністымі рагамі, а на самай сярэдзіне шафы стаяў чалавечак, які вельмі смешна скаліў зубы,—усмешкай-жа такую грымасу не назавеш! У яго былі казліныя ногі, рожкі на лобе і доўгая худая бародка. Дзеці празвалі яго обер-унтэр-генерал-камандзір-сержант Казланог. Не скора вымавіш такое дзіўнае прозвішча, і мала каму даецца такі тытул, затое і выразаць такую фігуру не так ужо проста! Ну, як-бы там ні было, а цяпер ён быў на сваім месцы і не зводзіў вачэй з падлюстранога століка, дзе стаяла прыгожая фарфоравая пастушка. Пазалочаныя чаравічкі, спаднічка, спрытна падколатая чырвонай ружай, залаты капялюш на галоўцы і посах у руцэ - хіба не любата?

Побач з ёю стаяў камінарчык, чорны, як вугаль, але-ж таксама фарфоравы; наогул ён быў чысценькі і прыгожанькі, як і кожная фарфоравая фігурка; ён толькі меў выгляд камінара, майстар мог-бы з такім-жа поспехам зрабіць яго хоць прынцам, каб на тое пайшло.

Ён быў вельмі далікатны са сваёй лесенкай, і тварык у яго быў белы, румяны, як у паненкі. Праўду кажучы, гэта было няправільна; не пашкодзіла-б яму быць трошкі мурзатым. Стаяў ён побач з пастушкай, - абодва стаялі, як іх паставілі. Ну, а калі іх так паставілі, то яны ўзялі ды і заручыліся. Што-ж, парачка вышла хоць куды, — абодва маладыя, абодва з аднолькавага фарфора і абодва аднолькава крохкія.

Тут-жа, на століку, стаяла яшчэ адна лялька, у тры разы большая, — стары кітаец з ківаючай галавой. Ён быў таксама фарфоравы і казаў, што даводзіцца дзедам пастушцы. Даказаць гэтага ён не мог, але казаў, што яна павінна яго слухацца, і таму ківаў галавой у бок обер-унтэр-генерал-камандзір-сержанта Казланога, які сватаўся да пастушкі.

— Вось дык муж у цябе будзе! — казаў стары кітаец. — Ён-жа, здаецца, зроблены з сапраўднага чырвонага дрэва і можа зрабіць цябе обер-унтэр-генерал-камандзір-сержантшай. У яго ўсе паліцы ў шафе пазастаўляны срэбрам, не гаворачы ўжо аб тым, што хаваецца ў шуфлядах.

— Не хачу я ў цёмную шафу, — сказала пастушка.— Кажуць, што ў яго там адзінаццаць фарфоравых жонак!