Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўлетку, калі дрэвы былі яшчэ зялёныя, а сонейка так добра грэла!

І яна прытуліла галоўку на грудзі птушкі і раптам спалохалася: яна пачула, як у грудзях ластаўкі нешта стукае. Гэта забілася сэрца птушкі - яна была не зусім мёртвая, а толькі здрантвела ад холаду. А цяпер яна сагрэлася і аджыла.

Дзюймовачка дрыжала ад страху - птушка-ж была проста веліканам у параўнанні з такой крошкай. Але ўсё-такі Дзюймовачка сабралася з духам, шчыльней закрыла ластаўку коўрыкам, а потым збегала, прынесла лісток мяты, якім сама накрывалася, і накрыла ім галаву птушкі.

На другую ноч Дзюймовачка зноў ціханька прабралася да птушкі. Ластаўка ўжо зусім ачуняла, толькі была яшчэ вельмі слабая і ледзь-ледзь расплюшчыла вочы, каб паглядзець на дзяўчынку. Дзюймовачка стаяла перад ёю з кавалкам гнілушкі ў руках,—іншага ліхтара ў яе не было.

— Дзякую табе, мілая крошка! — сказала хворая ластаўка. — Я так добра сагрэлася! Хутка я зусім папраўлюся і зноў вылёту на сонейка:

— Ах,- сказала Дзюймовачка,- цяпер так холадна, ідзе снег! Аставайся лепш у сваёй цёплай пасцелі, а я буду даглядаць цябе.

Дзюймовачка прынесла ластаўцы вады ў кветкавай пялёстцы і некалькі ячмённых зярнятак. Ластаўка папіла і паела, а потым расказала дзяўчынцы, як яна параніла сабе крыло аб калючы куст і не магла ляцець разам з другімі ластаўкамі ў цёплыя краі. Прышла зіма, стала вельмі холадна, і яна ўпала на зямлю... Болей ластаўка ўжо нічога не памятала, і як трапіла сюды, у падзямелле,—яна не ведала.