Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Усю зіму пражыла ластаўка ў падзямеллі, а Дзюймовачка даглядала яе. Ні крот, ні палявая мышка нічога не ведалі аб гэтым, — яны-ж зусім не любілі птушак.

Калі настала вясна і прыгрэла сонейка, Дзюймовачка, каб ластаўка магла вылецець, працерабіла тую дзіру, якую зрабіў у столі крот.

Ластаўка спытала, ці не хоча дзяўчынка адправіцца разам з ею, — няхай сядзе ёй на спіну, і яны паляцяць у зялёны лес. Але Дзюймовачцы было шкада старой палявой мышы, — яна ведала, што старая без яе будзе вельмі нудзіцца:

— Не, я не магу ляцець з табой,- сказала яна ластаўцы.

— Бывай, бывай, мілая дзяўчынка!- прашчабятала ластаўка і вылецела на волю,

Дзюймовачка паглядзела ёй услед, і слёзы закапалі ў яе з вачэй,—надта ўжо палюбіла яна птушку.

— Цві-віць, цві-віць!— крыкнула ластаўка і знікла ў зялёным лесе.

А Дзюймовачка асталася ў мышынай нары. Цяпер ёй жылося вельмі дрэнна. Ёй зусім не дазвалялі выходзіць на сонейка, а поле вакол норкі палявой мышы зарасло высокімі тоўстымі калоссямі і здавалася Дзюймовачцы драмучым лесам.

І вось аднаго разу прышоў стары крот і пасватаўся да Дзюймовачкі.

— Ну, цяпер табе трэба рыхтаваць пасаг, - сказала старая мыш. — Ты выйдзеш замуж за важнага пана, і трэба, каб у цябе ўсяго было многа.

І Дзюймовачцы прышлося цэлыя дні прасці пражу. Старая мыш наняла чатырох павукоў, і яны дзень і ноч сядзелі ў мышынай нары і ткалі розную тканіну.

А тоўсты сляпы крот кожны вечар прыходзіў у госці і балбатаў аб тым, што хутка лету будзе канец, сонца перастане паліць зямлю. І яна зноў зробіцца мяккай і рыхлай. Вось тады яны і адгуляюць вяселле. Але Дзюймовачка ўсё сумавала і плакала: яна зусім не хацела выходзіць замуж за тоўстага крата.

Кожную раніцу, пры ўсходзе сонца, і кожны вечар, пры заходзе, Дзюймовачка выходзіла на парог мышынай норкі;