Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

грошы, якімі яна ўся напоўнена—гэта называецца знаць сабе цану. Іншыя думалі таксама, хоць і не выказвалі гэтага, таму што і без таго было аб чым пагутарыць.

З шуфляды камода выглядвала вялікая прыгожая лялька, хоць, калі казаць праўду, трохі пашарпаная, з падклеенай шыяй, але ўсё-ж такі досыць прывабная.

— Цяпер давайце гуляць у людзей, — сказала яна.- Гэта ўсё-ж такі нешта вартае.

Усе паслухаліся лялькі, і ў пакоі падняўся рух, шум, мітусня. Карціны — і тыя пачалі скакаць і павярнуліся другім бокам, каб паказаць, што ў кожнай рэчы ёсць адваротны бок. Аднак яны зрабілі гэта зусім не для таго, каб сапсаваць добры настрой прысутных.

Надышла ноч. Месяц свяціў у вокны, даючы дармавое асвятленне. Быў час пачынаць гульню, бо ўсе ўжо былі запрошаны ўдзельнічаць у ёй. Запрасілі нават тачку, хоць яна была з пароды неацёсаных, грубых цацак.

— У кожнага свае вартасці, — сказала тачка.—Не ўсім-жа быць панамі, ёсць і такія, што займаюцца якой-небудзь карыснай справай.

З усіх цацак адной толькі свінні паслалі спецыяльнае пісьмовае запрашэнне, бо яна займала вельмі высокае становішча і магла адмовіцца ад вуснага запрашэння. Свіння з грашыма, вядома, не дала ніякага адказу і нават не сышла ўніз, бо лічыла, што яна можа глядзець на гульню з свайго высокага месца. Усе ўдзельнікі павінны былі прыстасавацца такім чынам, каб свіння магла бачыць гульню з шафы.

Пастанавілі пачаць вечар спектаклем, затым піць чай і ласавацца, а потым заняцца разумнымі размовамі. На справе-ж вышла не так — пачалі прама з разумных гутарак.

Драўляны конь-качалка разважаў пра скачкі, шпаркасць бегу і пра розныя пароды коней; калясачка—пра чыгункі і паравозы. Гэта было па іх спецыяльнасці; толькі пра гэта яны лічылі прыстойным гаварыць.

Сталовы гадзіннік размаўляў пра палітыку: ён добра ведаў, для каго і для чаго прышоў час, хоць злыя языкі і гавораць, што яны хлусяць. Дубовы кій стаяў у куце горды, важны: ён ганарыўся сваім мядзяным ілбом і вострым наканеч