Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

лісток. Добра мець сваю гаспадарку! Аднак, трэба падымацца вышэй.

— Так, вышэй! — сказала жаба. - Усё вышэй і вышэй! У нас з ім аднолькавыя імкненні. Толькі ў яго цяпер дрэнны настрой ад страху. Усе мы павінны імкнуцца ў вышыню.

І яна паглядзела як мага вышэй.

На страсе аднаго сялянскага дома стаяў у сваім гняздзе бусел і трашчаў дзюбай; побач сядзела бусліха і таксама трашчала.

"Як яны высока жывуць! - падумала жаба. — Вось-бы трапіць туды!"

У селяніна ў хаце жылі два маладыя студэнты. Адзін паэт, другі натураліст. Адзін радасна апяваў і апісваў прыроду, як яна адбівалася ў яго сэрцы, апяваў кароткімі, выразлівымі і гучнымі вершамі. Другі вывучаў прыроду, уваходзіў у самую сутнасць рэчаў, ускрываў іх, так сказаць, трыбушыў. Добрыя яны былі людзі і вясёлыя абодва.

— Глядзі, які добры экземпляр жабы! — усклікнуў натураліст. — Трэба яе пасадзіць у банку са спіртам.

— Ды ў цябе ўжо дзве сядзяць, — сказаў паэт. — Не чапай яе. Хай сабе радуецца жыццю.

— Але-ж надта ўжо яна брыдкая. Проста любата! — сказаў натураліст.

— Каб яшчэ мы маглі знайсці ў яе галаве каштоўны камень, я тады і сам дапамог-бы табе растрыбушыць яе, — дадаў паэт.

— Каштоўны камень! — усміхнуўся натураліст. — Не надта ты ведаеш прыродазнаўства.

— А хіба не цудоўнае гэта народнае павер'е, што жаба, самае брыдкае стварэнне, часам хавае ў сваёй галаве каштоўнейшы камень? І хіба не бывае нешта падобнае з людзьмі? Якія каштоўныя мыслі насіў у сваёй галаве Эзоп! А Сакрат?[1]

Болей жаба нічога не пачула, ды і паловы пачутага не зразумела. Студэнты пайшлі сваёй дарогай, а жаба выратавалася ад бяды — ад банкі са спіртам.

  1. Эзоп — славуты байкапісец старажытнай Грэцыі; Сакрат— славуты грэцкі філосаф. Абодва былі вельмі непрыгожыя.