Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэтага. Крок будзе сур'ёзны. Аднак я павінна яго зрабіць, Наперад! Наперад! Прамой дарогай!"

І яна рушыла наперад, гэта значыць, папаўзла, як ёй належала. І выпаўзла на праезджую дарогу. Паабапал дарогі стаялі дамы, у іх жылі сяляне, яны мелі агароды і садочкі з кветкамі. Жаба спынілася адпачыць.

— Колькі, аднак, на свеце розных стварэнняў! Я іх і не ведала ніколі. І які-ж вялікі, які прыгожы свет! Вось і трэба ў ім агледзецца, а не сядзець усё на адным месцы.

І яна скокнула ў агарод.

— Ды як-жа ж тут зелена! Як прыгожа!

— Вядома! — адазваўся капусны чарвяк, які сядзеў на лістку. — Мой лісток самы вялікі тут - закрывае палову свету. Ну, і хай сабе—мне хопіць.

— Кок-кок-кудак! — пачулася каля іх.

Гэта прышлі ў агарод куры і зашмыгалі паміж градак. Курыца, што ішла наперадзе, бачыла вельмі далёка. Яна адразу разгледзела чарвяка на капусным лісце і дзюбнула яго. Чарвяк упаў на зямлю і пачаў выкручвацца. Курыца, не ведаючы яшчэ, што гэта павінна азначаць, паглядзела на яго спачатку адным вокам, потым другім і падумала:

"Гэта ён нездарма".

Потым нацэлілася з'есці чарвяка. Жаба так спалохалася за чарвяка, што папаўзла прама на курыцу.

— Э, ды ён мае дапамогу! - сказала курыца.- Бачыце, які паўзун!

І курыца адвярнулася ад чарвяка.

— Вельмі мне патрэбны такі зялёны заморыш! Ад яго толькі ў горле заскрабе.

Астатнія куры згадзіліся з ёю, і ўсе пайшлі прэч.

— Усё-ж такі выкруціўся ад яе! - сказаў чарвяк. — Вось што значыць не спалохацца!

І чарвяк палез назад на свой лісток, а маладая жаба выказала яму сваё спачуванне: яна так рада, што спудзіла курыцу сваёй брыдкасцю.

— Што вы гэтым хочаце сказаць?- спытаў чарвяк. — Я сам ад яе выкруціўся. А на вас глядзець моташна. Я папрасіў-бы вас пакінуць мяне. А вось і капустай пахне. Вось і мой