Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Восем начэй і восем дзён правяла жаба ля канавы, дзе ежы зусім хапала. На дзевяты дзень яна сказала сабе: "Далей! Наперад!".

Але што-ж вабіла яе? Хіба яна магла знайсці што-небудзь лепшае? Можа яна хацела сустрэць маладзенькую жабу або зялёных лягушак? Сёння ўначы вецер данёс нейкія гукі, якія паказвалі, што недзе паблізу жыве "радня”.

— Як цудоўна жыць на свеце! Выбрацца са студні, паляжаць у крапіве, прапаўзці па пыльнай дарозе, адпачыць у вільготнай канаве. Але цяпер трэба рухацца далей. Пашукаць лягушак або маладзенькую жабу. Без кампаніі ўсё-ж такі не абыйсціся, адной прыроды мала!

І жаба зноў пусцілася Ў дарогу.

І вось апынулася яна ў полі ля вялікай сажалкі, абросшай чаротнікам, і адразу забралася ў сажалку:

— Мусіць, вам тут будзе занадта вільготна, - сказалі тутэйшыя лягушкі. - Але просім, калі ласка. Вы кавалер ці дама? Ну, дык гэта ўсёроўна. Калі ласка, просім!

І жабу запрасілі на вячэрні канцэрт — сямейны канцэрт. Ну, вядомая рэч: поўнае захапленне і слабыя галасы. Пачастунку ніякага. Хіба толькі вады поўная сажалка—сёрбайце на здароўе!

— Цяпер я пайду далей, — сказала маладая жаба.

Яе ўсё цягнула да новага, лепшага. Яна бачыла зоркі, буйныя, ясныя, бачыла серп маладога месяца, бачыла сонца, што падымалася ўсё вышэй і вышэй, і думала:

"Магчыма, я ўсё яшчэ ў студні, толькі ў вялікай. Трэба падняцца яшчэ вышэй. А то не ведаць мне спакою, не пазбыцца тугі“.

І калі месяц папаўнеў, пакруглеў, бедная жаба падумала:

"Ці не вядро гэта спускаецца? Можа скокнуць у яго, каб падняцца вышэй? А можа і сонца — вядро, толькі вялікшае? Якое яно вялізнае, яскравае! У ім усім нам хапіла-б месца. Трэба лавіць выпадак... О, як ад яго светла ў маёй галаве! Мусіць і той каштоўны камень не гарыць ярчэй. Ну, ды такога каменя ў мяне няма, і я аб ім не шкадую. А вось у вышыню падняцца мяне цягне. Вышэй, вышэй, да святла і радасці! Я ўпэўнена, што са мной так і будзе, але і баюся