Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Шмат народу ішло за горад паглядзець на казнь каралевы. Нікчэмная кляча вязла павозку, у якой сядзела Эліза; на Элізу надзелі зрэбную кашулю; яе цудоўныя доўгія валасы былі распушчаны па плячах, а твар яе быў бледны, як снег. Нават па дарозе на месца казні не выпускала яна з рук сваёй работы: дзесяць сарочак ляжалі каля яе ног зусім гатовыя, адзінаццатую яна ўсё яшчэ пляла.

— Гляньце на ведзьму! — крычалі з натоўпу.—Яна не хоча разлучыцца са сваімі чараўніцкімі прыладамі! Вырвем іх ды разарвем у шматкі!

Нечыя рукі ўжо працягнуліся да воза, каб вырваць у Элізы зялёную сарочку, але раптам прыляцелі адзінаццаць лебедзяў. Яны селі на краях павозкі і шумна запляскалі сваімі магутнымі крыллямі. Спалоханы народ падаўся ў бакі.

— Белыя лебедзі зляцелі з неба! Яна невінаватая, -зашапталі многія, але не адважваліся гэтага сказаць голасна.