Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

плацце каціліся горкія слёзы, якія блішчэлі, як брыльянты, а людзі, бачыўшыя яе багатае ўбранне, зайздросцілі ёй. Але хутка-хутка канец яе працы. Ужо дзесяць сарочак зроблена, але на адзінаццатую зноў не хапіла крапівы. Яшчэ раз, апошні, трэба было пайсці на могілкі і нарваць трохі крапівы. Яна з жахам падумала пра пустынныя могілкі і ўсё-такі парашыла ісці туды.

Уначы Эліза зноў вышла цішком з палаца, але кароль і біскуп сачылі за ёй, і яны ўбачылі, як Эліза знікла на могілках. Што магла рабіць каралева ўначы на могілках?..

— Цяпер ты сам бачыш, што яна злая чараўніца,— сказаў біскуп і патрабаваў, каб Элізу спалілі на вогнішчы. І кароль павінен быў згадзіцца.

Элізу пасадзілі ў цёмнае, вільготнае падзямелле з жалезнымі кратамі на вокнах, у якія са свістам урываўся вецер.

Ёй кінулі ахапак крапівы, якую яна нарвала на могілках.

Гэтая пякучая крапіва павінна была служыць ёй замест падушкі, а сплеценыя ёю сарочкі- замест пасцелі. Але нічога іншага Элізе і не трэба было. Яна зноў узялася за работу.

Увечары ля кратаў пачуўся шум лебядзіных крылляў. Гэта самы малодшы з братоў знайшоў сваю сястру, і Эліза зарыдала ад радасці, хоць і ведала, што ёй заставалася жыць усяго адну ноч. Затое работа яе падыходзіла да канца, і браты былі тут!

Усю ноч пляла Эліза апошнюю сарочку. Мышы, што бегалі ў падзямеллі, злітаваліся над ёй і, каб хоць трохі памагчы ёй, сталі збіраць і прыносіць да яе ног параскіданыя сцяблы крапівы, а дрозд, седзячы за кратамі акна, пацяшаў яё сваёй вясёлай песенькай.

На світанні, перад усходам сонца, да варот палаца прышлі адзінаццаць братоў Элізы і патрэбавалі, каб іх спусцілі да караля. Ім адказалі, што гэта немагчыма: кароль яшчэ спаў, і ніхто не мог яго турбаваць. Але яны не адыходзілі і ўсё прасілі. Кароль пачуў галасы і зірнуў праз акно, каб даведацца, у чым справа. Але ў гэтую хвіліну ўзышло сонца—і браты Элізы зніклі. Кароль убачыў толькі, як над палацам узняліся адзінаццаць дзікіх лебедзяў.