Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І вось кат ужо схапіў Элізу за руку, але яна быстра накінула на лебедзяў зялёныя сарочкі, і як толькі яны дакрануліся да іх пер'яў, усе адзінаццаць лебедзяў абярнуліся ў прыгожых прынцаў. Толькі ў самага малодшага замест левай рукі асталося лебядзінае крыло: Эліза не паспела даплесці рукаў апошняй сарочкі.

— Цяпер я магу гаварыць! — сказала Эліза.— Я невінаватая!

І народ, убачыўшы ўсё гэта, схіліўся перад ёй і стаў услаўляць яе, але Эліза ў непрытомнасці ўпала ў абдымкі братоў. Яна была так змучана страхам і болем.

— Так, яна невінаватая! - сказаў самы старэйшы прынц і расказаў усё, як было. А пакуль ён гаварыў, у паветры разліўся арамат, нібы ад мільёнаў руж: гэта кожнае палена на вогнішчы пусціла карані і парасткі, і вось на тым месцы, дзе хацелі спаліць Элізу, вырас высокі зялёны куст, пакрыты чырвонымі ружамі. А на самай верхавінцы куста блішчэла, бы зорка, асляпляюча-белая кветка. Кароль сарваў яе, палажыў на грудзі Элізы - і яна ачуняла.

Тут усе званы ў горадзе зазванілі самі сабой, птушкі зляцеліся цэлымі зграямі, і к палацу пацягнулася такое шчаслівае шэсце, якога не бачыў яшчэ ні адзін кароль!

Жаба

Студня была глыбокая, таму і вяроўка была даўгая і сцісла накручвалася на ворат, калі цягнулі ўгару поўнае вядро. Хоць і празрыстая была ў студні вада, але ніколі не гулялі ў ёй сонечныя праменні, — яны проста не дасягалі яе паверхні. Па сценах-жа студні, куды праменні траплялі, прабівалася між камянёў траўка.

І тулілася тут цэлая сям'я жаб — паходжання нетутэйшага. Старая жаба зляцела сюды, так сказаць, куляючыся зверху. І да гэтага часу жыла здаровенька. Зялёныя лягушкі, што плавалі ў студні і былі тут карэннымі жыхарамі, прызналі