Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Біскуп усё нагаварваў каралю на Элізу, але словы яго не даходзілі да сэрца караля. На другі дзень адбылося вяселле. Біскуп сам павінен быў надзець на нявесту карону; са злосці ён так моцна насунуў ёй на лоб вузкі залаты абруч, што кожнаму зрабілася-б балюча, але Эліза нават не заўважыла гэтага.

Яна ўсё думала пра сваіх мілых братоў. Губы яе заўсёды былі сціснутыя, ніводнага слова не вылятала з іх, затое ў яе вачах свяцілася гарачая любоў да добрага прыгожага караля, які рабіў усё, каб толькі пацешыць яе. З кожным днём яна ўсё болей і болей прывязвалася да яго. О, каб яна магла расказаць яму пра свае пакуты! Але яна павінна была маўчаць, пакуль не скончыць сваёй работы. Па начах яна ціханька ішла ў свой патайны пакойчык, падобны да пячоры і пляла там адну сарочку за другой. Ужо шэсць сарочак былі гатовыя, але калі яна прынялася за сёмую, то ўбачыла, што крапівы ў яе больш няма.

Эліза ведала, што можа знайсці такую крапіву на могілках. І вось ўначы яна ціханька вышла з палаца.

Сэрца яе сціскалася ад страху, калі яна прабіралася пры святле месяца на могілкі па доўгіх алеях сада, а потым па пустынных вуліцах.

На могілках Эліза нарвала крапівы і вярнулася дамоў.

Толькі адзін чалавек не спаў тую ноч і бачыў Элізу. Гэта быў біскуп.

Раніцою біскуп прышоў да караля і расказаў яму пра тое, што ён бачыў сёння ноччу.

— Прагані яе, кароль, яна злая чараўніца! - нагаварваў біскуп.

— Няпраўда, Эліза невінаватая! - адказаў кароль, але ўсё-ж такі сумненне асталося ў яго сэрцы.

Ноччу, кароль толькі прыкінуўся, што спіць. І вось ён убачыў, што Эліза ўстала і вышла з спальні. У наступныя ночы паўтарылася тое самае; кароль не спаў і бачыў як яна хавалася ў сваім патайным пакойчыку. ..

Кароль рабіўся ўсё болей і болей пахмурым. Эліза бачыла гэта, але не разумела, чым незадаволен кароль. Сэрца яе мучылася ад страху і ад жалю да братоў: на яе каралеўскае