Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Пойдзем са мной! — сказаў кароль. - Тут табе нельга аставацца! Калі ты такая-ж добрая, як прыгожая, я апрану цябе ў шоўк і аксаміт, надзену табе на галаву залатую карону, і ты будзеш жыць у маім раскошным палацы.

І ён пасадзіў яе на сядло перад сабой.

Эліза плакала і ламала рукі, але кароль сказаў:

— Я хачу толькі твайго шчасця. Калі-небудзь ты сама падзякуеш мне!

І ён павёз яё праз горы, а паляўнічыя скакалі следам.

Пад вечар перад імі паказалася раскошная сталіца караля, з палацамі і вежамі, і кароль прывёў Элізу ў свой палац. У высокіх мрамарных пакоях гурчэлі фантаны, а сцены і столь былі размалёваны прыгожымі карцінамі. Але Эліза ні на што не глядзела, яна плакала і нудзілася. Служанкі надзелі на яе каралеўскае адзенне, уплялі ёй у валасы жамчужныя ніці і нацягнулі на яе апечаныя пальцы тонкія пальчаткі.

У багатых уборах Эліза была такая прыгожая, што ўвесь двор схіліўся перад ёй, а кароль абвясціў яе сваёй нявестай. Алё каралеўскі біскуп паматаў галавой і пачаў нашэптваць каралю, што нямая красуня, мабыць, лясная чараўніца, яна зачаравала сэрца караля.

Кароль не захацеў яго слухаць, ён даў знак музыкам, загадаў паклікаць лепшых танцаўшчыц і падаваць на стол дарагія стравы, а сам павёў Элізу праз пахучыя сады ў раскошныя пакоі. Але Эліза па-ранейшаму была сумнай. Тады кароль адчыніў дзверцы ў маленькі пакойчык каля спальні Элізы. Пакойчык увесь быў абвешаны зялёнымі дыванамі і нагадваў лясную пячору, у якой кароль знайшоў Элізу. На падлозе ляжаў жмут крапівы, а на столі вісела сплеценая Элізай сарочка. Усё гэта, як дзівачныя рэчы, захапіў з сабой у пячоры адзін з паляўнічых.

— Тут ты можаш успамінаць сваё ранейшае жыллё! — сказаў кароль. — А вось і твая работа. Можа часам ты пажадаеш сярод усёй акружаючай цябе пышнасці адыйсці ўспамінамі ў мінулае.

Убачыўшы сваю крапіву і сплеценую сарочку, Эліза радасна ўсміхнулася і пацалавала руку караля, а ён прыціснуў яе да сваіх грудзей.