Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

далей. Мора яшчэ хвалявалася, і яны бачылі з вышыні, як белая пена плыла, нібы мільёны лебедзей, па цёмназялёнай вадзе.

Калі сонца паднялося вышэй, Эліза раптам убачыла ў далечыні вялізны палац, акружаны лёгкімі, нібы паветранымі галерэямі; унізе, пад сценамі палаца, калыхаліся пальмы і раслі цудоўныя кветкі.

Эліза спытала, ці тая гэта старонка, куды яны ляцяць, але лебедзі адмоўна паматалі галовамі; гэта быў толькі зданнёвы, нясталы, воблачны палац Фата-Марганы. Эліза зноў паглядзела туды, але палаца ўжо не было. Там, дзе раней быў палац, уздымаліся высокія горы, паросшыя густым десам. На самых верхавінах гор блішчэў снег, крыгі празрыстага лёду спускаліся паміж непрыступных скал.

Раптам горы ператварыліся ў цэлую флатылію караблёў; Эліза ўгледзелася ўважлівей і ўбачыла, што гэта проста морскі туман, які падымаўся над вадой.

Але вось, нарэшце, паказалася і сапраўдная зямля. Там, на беразе, рассцілаліся зялёныя палі, цямнеліся кедравыя лясы, а воддаль віднеліся вялікія гарады і высокія замкі. Да захаду сонца было яшчэ далёка, а Эліза ўжо сядзела на скале перад глыбокай пячорай. Па сценах пячоры віліся прыгожыя зялёныя расліны, нібы вышытыя зялёныя дываны. Гэта быў цудоўны дом яе братоў-лебедзяў.

— Паглядзім, што сасніцца табе ў гэтую ноч, — сказаў малодшы брат і адвёў Элізу ў яе адпачывальню.

— Ах, каб я сасніла, як вызваліць вас ад чараў! - сказала Эліза і сплюшчыла вочы.

І вось ёй здалося, што яна ляціць высока-высока да таго замка, які яна бачыла над морам. А з замка насустрач ёй выходзіць фея Фата-Маргана. Фата-Маргана светлая і вельмі прыгожая, але ў той-жа час надзвычай падобная да той бабкі, што дала Элізе ў лесе ягад і расказала пра лебедзяў у залатых каронах.

— Тваіх братоў можна выратаваць, — сказала Фата-Маргана, — але ці хопіць у цябе мужнасці і стойкасці? Вада мякчэй за твае далікатныя рукі, і ўсё-ж такі яна робіць камяні гладкімі і круглымі, але вада не адчувае болю, як