Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ляцеў над яе галавой, засланяючы твар Элізы ад сонца сваімі шырокімі крыллямі.

Лебедзі былі ўжо далёка ад зямлі, калі Эліза прачнулася, і ёй здалося, што яна бачыць сон наяву,—так дзіўна было ёй ляцець у паветры. Побач з ёю ляжала галіна са спелымі ягадамі і пучок смачных карэнняў,—іх набраў і палажыў каля Элізы самы малодшы брат, і Эліза ўсміхнулася яму,—яна здагадалася, што гэта ён ляцеў над ёю і абараняў яе ад сонца сваімі крыллямі.

Высока, пад самымі воблакамі, ляцелі браты і сястра, і першы карабль, які яны ўбачылі ў моры, здаўся ім плывучай па вадзе чайкай.

Лебедзі ляцелі так імкліва, як ляцяць стрэлы з лука, але ўсё-ж такі не так шпарка, як заўсёды. Бо на гэты раз яны неслі сястру. Дзень стаў хіліцца на вечар, і зашумела непагадзь. Эліза з жахам глядзела, як сонца апускалася ўсё ніжэй і ніжэй, а адзінокай морскай скалы ўсё яшчэ не было відаць. І вось Элізе здалося, што лебедзі ўжо зусім змарыліся і ледзь махаюць крыллямі. Зойдзе сонца—яе браты наляту абернуцца ў людзей, упадуць у мора і ўтопяцца. І яна будзе ў гэтым вінаватая.

Набліжалася чорная хмара, моцныя парывы ветру прадракалі буру, грозна бліскала маланка.

Сэрца Элізы затрапятала: сонца бадай што дакраналася ўжо да вады. І раптам лебедзі рынуліся ўніз з страшэннай хуткасцю. Элізе здалося, што яны падаюць. Але не, яны яшчэ ляцелі. І вось, калі сонца ўжо напалову зайшло ў ваду, Эліза ўбачыла ўнізе скалу. Яна была вельмі маленькай, не больш за цюленя, які высунуў з вады галаву. Лебедзі ступілі на скалу ў тую самую хвіліну, калі згас у паветры апошні промень сонца. Эліза ўбачыла вакол сябе братоў, якія стаялі поплеч, бо ледзь змяшчаліся на маленькай скале. Мора шалёна білася аб каменні і аблівала братоў і Элізу дажджом пырскаў. Неба палала ад бліскавіц, безупынна грукаў гром, але сястра і браты трымаліся за рукі і падбадзёрвалі адзін аднаго ласкавымі словамі.

На світанні бура супакоілася, і зноў зрабілася ясна і ціха. Як толькі ўзышло сонца, браты з Элізай паляцелі