Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

лёсткаў розы. Часам робіцца яно зялёным, часам белым. Але як-бы ціха ні было ў паветры і якім-бы спакойным ні было мора, ля берага заўсёды шуміць прыбой, заўсёды відаць лёгкае хваляванне, — вада ціха ўздымаецца, нібы грудзі спячага дзіцяці.

Калі сонца блізілася да Захада, Эліза ўбачыла дзікіх лебедзей. Як даўгая белая стужка, ляцелі яны адзін за адным. Іх было адзінаццаць. На галаве ў кожнага лебедзя бліскала маленькая залатая карона. Эліза адышла ад абрыва і схавалася ў кусты. Лебедзі спусціліся недалёка ад яе і запляскалі сваімі вялікімі белымі крыллямі.

У гэтую самую хвіліну сонца схавалася пад вадой, і раптам з лебедзей упала іх белае пер'е, і ўжо не адзінаццаць лебедзей стаялі перад Элізай, а адзінаццацьў харашуноў- прынцаў. Эліза гучна ўскрыкнула, — яна адразу пазнала сваіх братоў, хаця за гэтыя доўгія гады яны вельмі змяніліся. Эліза кінулася да іх у абдымкі і пачала называць іх усіх па імёнах.

Браты вельмі ўзрадаваліся, што знайшлі сястрыцу, якая гэтак вырасла і стала такой прыгожай. Эліза і яе браты смяяліся і плакалі, а потым яны расказалі адзін аднаму пра ўсё, што з імі здарылася.

Самы старэйшы з прынцаў сказаў Элізе:

— Мы лётаем дзікімі лебедзямі ўвесь дзень, ад усходу сонца да самага заходу. Калі-ж сонца заходзіць, мы робімся зноў людзьмі. І вось к моманту сонечнага заходу мы спяшаемся спусціцца на зямлю. Калі-б мы абярнуліся ў людзей у той час, як ляцім высока пад воблакамі, то зараз-жа ўпалі-б на зямлю і разбіліся. Жывём мы не тут. Далёка-далёка за морам ляжыць такая-ж пекная краіна, як гэтая. Вось там мы і жывем. Але дарога туды доўгая, трэба пераляцець праз усё мора, а па дарозе няма ні аднаго вострава, дзе мы маглі-б правесці ноч. Толькі на самай сярэдзіне мора высіцца адзінокі ўцёс. Але ён такі малы, што мы можам стаяць на ім, толькі шчыльна прыціснуўшыся адзін да аднаго. Калі мора бушуе, пырскі хваляў пералятаюць праз нашы галовы, але ўсё-ж, каб не было гэтага ўцёса, нам ніколі не давялося-б пабываць на нашай роднай зямельцы: мора шырокае, —