Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мы не можам пераляцець праз яго ад усходу да заходу сонца. Толькі два разы ў год, у самыя доўгія дні, нашы крыллі могуць перанесці нас праз мора. І вось мы прылятаем сюды і жывем тут адзінаццаць дзён. Мы лётаем над гэтым вялікім лёсам і глядзім на палац, дзе мы нарадзіліся і правялі дзяцінства. Яго добра відаць адсюль. Тут кожны куст і кожнае дрэва здаюцца нам роднымі. Па зялёных лугах бегаюць дзікія коні, якіх мы бачылі яшчэ ў дзяцінстве, а вугальшчыкі пяюць тыя самыя песні, якія мы чулі, калі жылі яшчэ ў родным палацы. Тут наша радзіма, сюды цягне нас сэрца, і тут мы знайшлі цябе, мілая, дарагая сястрычка! У гэты раз мы прабылі тут ужо дзевяць дзён. Праз два дні мы павінны вылецець за мора, у цудоўную, але чужую краіну. Як-жа нам узяць цябе з сабою? У нас няма ні карабля, ні лодкі.

— О, каб я магла вызваліць вас ад чар! — сказала братам Эліза.

Так яны гутарылі бадай усю ноч і задрамалі толькі перад самым світаннем.

Эліза прачнулася ад шуму лебядзіных крылляў. Браты зноў зрабіліся птушкамі і паляцелі ў родны лес. Толькі гадзін лебедзь астаўся на беразе з Элізай. Гэта быў самы малодшы з яе братоў. Лебедзь падлажыў сваю галаву ёй на калені, а яна гладзіла і перабірала яго перайкі. Цэлы дзень правялі яны ўдвух, а к вечару прыляцелі дзесяць лебедзеў, і, калі сонца села, яны зноў перавярнуліся ў прынцаў.

— Заўтра мы павінны вылецець і не пасмеем вярнуцца, раней наступнага года, — сказаў Элізе старэйшы брат, — але мы не пакінем цябе тут. Паляцім разам! Я адзін на руках магу пранесці цябе праз увесь лес, — дык няўжо-ж мы ўсе адзінаццаць на нашых крыллях не здолеем перанесці цябе праз мора?

— Але, вазьміце мяне з сабой!— сказала Эліза.

Усю ноч плялі яны сетку з лазы і чароту. Сетка вышла вялікая і моцная, і браты палажылі ў яе Элізу. І вось пры ўсходзе сонца дзесяць лебедзей падхапілі сетку дзюбамі і падняліся пад воблакі. Эліза спала ў сетцы салодкім сном. А каб праменні сонца не разбудзілі яе, адзінаццаты лебедзь