Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

"Куды мяне нясе?- думаў ён.—Мусіць, усё гэта нарабіла тое паскуднае чарцянё з табакеркі. Ах, каб са мною ў лодцы сядзела красуня-плясуха, я-б нічога не баяўся, нават каб было і яшчэ цямней!"

У гэтую хвіліну з-пад маста выскачыў вялікі вадзяны пацук.

— Гэта хто такі?- закрычаў ён.—А пашпарт у цябе ёсць? Давай зараз-жа пашпарт!

Але алавянны салдацік маўчаў і моцна сціскаў сваю стрэльбу. Лодку яго несла ўсё далей і далей, а пацук плыў за ім наўздагон. Ён люта ляскаў зубамі і крычаў плывучым насустрач трэскам і саломінкам.

— Трымайце, трымайце яго! У яго няма пашпарта!

Тут лодачку панесла яшчэ шпарчэй, і алавянны салдацік нарэшце ўбачыў наперадзе святло. Мост скончыўся. Але ў гэтую хвіліну пачуўся такі страшэнны грукат, ад якога задрыжаў-бы кожны храбрэц! Падумаць толькі! За мостам равок упадаў прама ў вялікі бурны канал. Па такіх вялікіх хвалях салдаціку ў маленькім папяровым карабліку плысці было таксама небяспечна, як нам у сапраўднай лодцы несціся да вялікага вадапада.

Спыніцца было ўжо нёмагчыма. Лодку з алавянным салдацікам вынесла ў вялікі канал. Але салдацік па-ранейшаму трымаўся малайцом і нават вокам не міргнуў. Лодачка закруцілася на месцы, разы са тры зачарпнула вады і хутка напоўнілася вадой да самых берагоў. Вось салдацік ужо да пояса ў вадзе, вось ужо да горла. І нарэшце вада накрыла яго з галавой.

З сумам падумаў салдацік аб сваёй красуні. Не пабачыць яму болей мілай плясухі! У апошнюю мінуту ўспомніў ён саддацкую песню:

Кроч наперад, заўсёды наперад!
Цябе за магілай слава чакае!

І ён нарыхтаваўся з гонарам загінуць у страшнай пучыне.

Але яго пільнавала другая бяда. З вады вынырнула вялізная рыбіна і мігам праглынула салдаціка.