Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

—Вось як ты! - сказала чарцянё:- Ну, пачакай-жа да раніцы.

Раніцою, калі дзеці прачнуліся, яны знайшлі аднаногага салдаціка за табакеркай і паставілі на акно.

Раптам акно расчынілася. Ці то чарцянё наўмысля гэтак зрабіла, ці проста падзьмуў ветрык - хто ведае? — але толькі аднаногі наш салдацік паляцеў з трэцяга паверха ўніз галавой, ды так, што аж у вушах засвісцела. Хвіліна - і ён ужо стаяў на вуліцы дагары нагой, а яго стрэльба і галава ў касцы ўшчамілася паміж булыжнікаў.

Хлопчык і служанка зараз-жа выбеглі на вуліцу шукаць салдаціка, але, як ні стараліся, знайсці яго не маглі. Адзін раз яны нават ледзь не наступілі на салдаціка, і ўсё-ж такі не. заўважылі. Калі-б салдацік крыкнуў: "Я тут!“ яны, вядома, зараз-жа знайшлі-б яго. Але ён лічыў непрыстойным крычаць на вуліцы,—ён-жа ж быў салдат і насіў мундзір.

Тут пайшоў дождж—сапраўдны лівень. Па вуліцы пацяклі ручаі. А калі нарэшце дождж скончыўся, да таго месца, дзё між булыжнікаў тырчаў алавянны салдацік, прыбеглі два вулічныя хлапчукі.

— Эге! сказаў адзін з іх. — Глядзі - алавянны салдацік! Давай-ка адправім яго ў плаванне!

І яны зрабілі з старой газеты лодачку, пасадзілі ў яе і алавяннага салдаціка, і пусцілі ў равок. Лодачка паплыла, а хлопчыкі беглі побач і пляскалі ў далоні.

Лодачку падхапіў быстры струмень і панёс. Вада ў р раўку так ў бурліла. Ды і як ёй не бурліць - пасля гэткага ліўня!

Алавянны салдацік у лодачцы ўвесь дрыжаў, але трымаўся цвёрда, як належыць сапраўднаму салдату: стрэльба на плячы, галава прама, грудзі наперад!

Вось лодачку занесла пад шырокі-шырокі мост; зрабілася так цёмна, нібы салдацік зноў трапіў у сваю каробку.