Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

намаляваны на дне ручайка: так выразна яны адбіваліся ў спакойнай вадзе.

Эліза ўбачыла ў вадзе свой твар і вельмі спалохалася: такі ён быў чорны і брыдкі. Але вось яна зачарпнула рукой вады, пацерла шчокі і лоб, і твар у яе зноў зрабіўся белым, як раней. Тады Эліза раздзелася і ўвайшла ў прахладны чысты ручай. Вада зараз-жа змыла з яе сок грэцкага арэха і смярдзючую мазь, якой вымазала Элізу мачыха.

Потым Эліза адзелася, запляла ў косы свае доўгія валасы і пайшла далей па лесе, сама не ведаючы куды. Па дарозе яна ўбачыла дзікую яблыню, галіны якой гнуліся ад цяжару пладоў. Эліза пад'ела яблык, падперла галіны кіёчкам і пайшла далей. Хутка яна зайшла ў самы гушчар лесу. Ні адна птушка не залятала сюды, ні адзін сонечны промень не пранікаў праз пераблытаныя галіны. Высокія камлі стаялі шчыльнымі радамі, нібы бервяновыя сцены. Навакол было так ціха, што Эліза чула свае ўласныя крокі, чула шурханне кожнага сухога лістка, які трапляўся ёй пад ногі. Ніколі яшчэ Эліза не была ў такой глушы.

Уначы зрабілася зусім цёмна, нават светлячкі не свяцілі ў моху. Эліза лягла на траву і заснула.

Раніцою яна адправілася далей і раптам сустрэла бабку з кошыкам ягад; бабка дала дзяўчыне жменьку ягад, а Эліза спытала яе, ці не праязджалі тут, па лесе, адзінаццаць прынцаў.

— Не, — сказала бабка, — прынцаў я не сустракала, але ўчора я бачыла тут на рацэ адзінаццаць лебедзеў у залатых каронах.

І бабка вывела Элізу да абрыва, пад якім працякала рака. Эліза развіталася з бабкай і пайшла па беразе ракі.

Доўга ішла Эліза, і раптам перад ёю адкрылася бязмежнае мора. Ніводнага паруса не было відаць на моры, ніводнай лодачкі не было паблізу. Эліза села на камень ля самага берага і задумалася: што-ж ёй рабіць, куды ісці далей?

К нагам Элізы падбягалі морскія хвалі, яны неслі з сабой дробныя каменьчыкі. Вада сцерла вострыя рэбры каменьчыкаў, і яны былі зусім гладкія і круглыя.