Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ў тры чырвоныя макі. І Эліза вышла з вады такой-жа прыгожай, якой і была.

Тады злая каралева нацерла Элізу сокам грэцкага арэха, і бедная Эліза зрабілася зусім чорнай. А потым мачыха вымазала ёй твар смярдзючай маззю і спутала яе цудоўныя валасы. Цяпер ніхто не мог-бы пазнаць Элізу. Нават бацька, зірнуўшы на яе, спалохаўся і сказаў, што гэта не яго дачка. Ніхто не пазнаваў Элізу. Толькі стары надворны сабака з ветлівым брэхам кінуўся да яе, ды ластаўкі, якіх яна часта карміла крошкамі, прашчабяталі ёй сваю песню. Але хто-ж будзе звяртаць увагу на бедных жывёл?

Горка заплакала Эліза і цішком вышла з палаца. Цэлы дзень брыла яна па лясах і балотах, прабіраючыся да лесу. Эліза і сама добра не ведала, куды ёй ісці. Яна ўсё думала пра братоў, якіх злая мачыха таксама выгнала з роднага дому. Эліза рашыла шукаць іх усюды, покуль не знойдзе.

Калі Эліза дабралася да лесу, ужо надышла ноч, і бедная дзяўчына зусім збілася з дарогі. Яна апусцілася на мяккі мох, а галаву палажыла на пень. У лесе было ціха і цёпла. Сотні светлякоў, нібы зялёныя агеньчыкі, мільгалі ў траве, а калі Эліза зачапіла рукой за куст, нейкія бліскучыя жучкі пасыпаліся з лісцяў, нібы дождж зорак.

Усю ноч сніліся Элізе браты: усе яны зноў былі дзецьмі, разам гулялі, пісалі дыяментавымі грыфелямі на залатых дошках і разглядалі цудоўную кніжку з малюнкамі, за якую было дана поўкаралеўства. Малюнкі ў кніжцы былі жывыя: птушкі спявалі, а людзі выскаквалі з старонак кнігі і гутарылі з Элізай і яе братамі; але як толькі Эліза перагортвала старонку, людзі скакалі назад,—а то ў малюнках вышла-б блытаніна.

Калі Эліза прачнулася, сонца стаяла ўжо высока; яна нават не магла добра разглядзець яго за густым лісцем дрэў. Толькі часам сонечныя праменні прабіваліся між галін і бегалі залатымі зайчыкамі па траве. Недалёка чулася гурчэнне ручайка. Эліза падышла да яго і нахілілася над вадой. Вада была чыстая і празрыстая. Калі-б вецер не варўшыў галіны дрэў і кустоў, можна было-б падумаць, што і дрэвы і кусты