Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пляскаючы крыллямі, але ніхто іх не чуў і не бачыў. Так і прышлося ім ляцець далей, не пабачыўшы сваёй сястры. Высока-высока, да самых воблакаў, узвіліся яны і паляцелі ў вялікі, цёмны лес, які цягнуўся да самага мора.

А небарака Эліза асталася жыць у сялянскай халупе. Цэлыя дні гуляла яна з зялёным лісточкам, — другіх цацак у яе не было; яна праткнула ў лісціку дзірачку і глядзела праз яе на сонца—ёй здавалася, што яна бачыць ясныя вочы сваіх братоў.

Дні ішлі за днямі. Часам вецер калыхаў кусты руж, што распусціліся каля хаты, і пытаў іх:

— Ці ёсць хто прыгажэйшы за вас?

І ружы, ківаючы галоўкамі, адказвалі:

— Эліза прыгажэй за нас.

І вось нарэшце Элізе мінула пятнаццаць гадоў, і сяляне адаслалі яе дадому, у палац. Каралева ўбачыла, якая прыгожая яе падчарыца, і яшчэ болей узненавідзела Элізу. Злая мачыха хацела-б абярнуць і Элізу, як яе братоў, у дзікага лебедзя, але не магла гэтага зрабіць таму, што кароль хацеў бачыць сваю дачку.

І вось вельмі рана каралева пайшла ў сваю мрамарную купальню, упрыгожаную цудоўнымі дыванамі і мяккімі падушкамі. На рагу купальні сядзелі тры жабы. Каралева ўзяла іх у рукі і пацалавала. Потым яна сказала першай жабе:

— Калі Эліза войдзе ў купальню, сядзь ёй на галаву, - няхай яна зробіцца такой-жа дурной і ляной, як ты.

Другой жабе каралева сказала:

—А ты скокні Элізе на лоб—няхай яна зробіцца такой-жа брыдкай, як ты. Тады і родны бацька яе не пазнае.

— Ну, а ты ляж ёй на сэрца шапнула каралева трэцяй жабе,—няхай яна зробіцца злоснай, каб ніхто яе не любіў..

І каралева кінула жаб у празрыстую ваду. Вада зараз-жа зрабілася зялёнай і мутнай. Каралева паклікала Элізу, раздзела яе і загадала ёй увайсці ў ваду. Як толькі Эліза ступіла ў ваду, адна жаба скокнула ёй на галаву, другая на доб, а трэцяя на грудзі. Але Эліза нават не заўважыла гэтага. А тры жабы, дакрануўшыся да Элізы, ператварыліся