Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дзікія лебедзі

Далёка-далёка, у той краіне, куды лятуць ад нас на зіму ластаўкі, жыў кароль. У яго было адзінаццаць сыноў і адна дачка, якую звалі Элізай. Адзінаццаць братоў-прынцаў ужо хадзілі ў школу; у кожнага на грудзях блішчэла зорка і на левым баку грукала шабля. Прынцы пісалі дыяментавымі грыфелямі на залатых дошках і надта добра ўмелі чытаць — і па кніжцы і без кніжкі, напамяць.

Покуль прынцы вучыліся, сястра іх Эліза сядзела на лавачцы з люстранога шкла і разглядала кніжку з малюнкамі, якая каштавала поўкаралеўства.

Так, добра жылося дзецям! Але хутка ўсё пайшло іначай.

Памерла іх маці, і кароль ажаніўся зноў. Мачыха была злая чараўніца і ўзненавідзела бедных дзяцей. У першы-ж дзень, калі ў палацы святкавалі вяселле караля, дзеці спазналі, якая злосная ў іх мачыха. Яны захацелі пагуляць у госці і папрасілі каралеву даць ім пірожных і печаных яблыкаў, каб пакарміць сваіх гасцей. Але мачыха дала ім міску звычайнага пяску і сказала:

— Хопіць вам і гэтага!

Мінуў яшчэ тыдзень, і мачыха надумала пазбавіцца Элізы. Яна адправіла яе ў вёску да нейкіх сялян на выхаванне. А потым злая мачыха стала нагаварваць каралю на бедных прынцаў і нагаварыла столькі дрэннага, што кароль не захацеў больш і бачыць сваіх сыноў.

Тады каралева загадала паклікаць прынцаў і, калі яны наблізіліся да яе, яна крыкнула:

— Няхай кожны з вас абернецца ў чорнага гругана! Ляціце прэч з палаца і самі здабывайце сабе спажыву!

Але ёй не ўдалося давесці да канца сваёй агіднай справы: прынцы абярнуліся не ў брыдкіх груганоў, а ў прыгожых дзікіх лебедзей. З крыкам вылецелі яны з вокнаў палаца і панесліся над паркамі і лясамі.

Было яшчэ рана, калі адзінаццаць лебедзей праляталі над хаткай, дзе спала моцным сном іх сястрыца Эліза. Яны доўга лёталі над страхой, выцягваючы свае гнуткія шыі і