Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

жыя пахучыя ружы, ліпы стаялі ў поўным цвеце, ластаўкі лёталі туды і сюды ды шчабяталі:

— Квірр-вірр-віт! Мой муж вярнуўся!

Але гэта да ёлкі не мела ніякага дачынення.

"Вось калі я зажыву!" радавалася ёлка, распраўляючы свае галіны. Але-ж як яны пасохлі ды пажоўклі! Ляжала яна цяпер у дальнім куце двара, у крапіве ды быльніку; але на верхавіне яе ўсё яшчэ ззяла сусальная залатая зорка.

На дварэ весела гулялі тыя самыя дзеці, што скакалі вакол ёлкі ў святочны вечар. Самы малодшы ўрарыў дрэва і сарваў зорку.

— Паглядзіце, што яшчэ асталося на гэтай брыдкай, старой ёлцы! — сказаў ён і наступіў нагамі на галіны; галіны затрашчалі, закрышыліся.

Ёлка паглядзела на яскравыя кветкі і свежую зеляніну ў садзе, потым зірнула на сябе—і пашкадавала, што не асталася ў сваім цёмным куце пад страхой. Успомніліся ёй і маладосць, і лес, і вясёлае свята, і мышаняты, што радасна слухалі казку пра Клумпе-Думпе...

— Усё прайшло, усё мінула! — сказала беднае дрэва. — І чаму я не радавалася, пакуль было добра. А цяпер... прышоў канец, канец!

Прышоў дворнік і пасек ёлку на кавалкі: цэлае бярэмя трэсак вышла на распал. Як дружна запалалі яны пад вялікім катлом! І як глыбока ўздыхалі! Гэтыя ўздыхі нагадвалі выстралы. Збегліся дзеці, расселіся перад агнём і з кожным такім выстралам выкрыквалі:

— Піф-паф!

А ёлка пры кожным сваім уздыху-выстрале ўспамінала то які-небудзь яркі летні дзень, то зорную зімнюю ноч у лесе або вясёлае свята і казку пра Клумпе-Думпе, адзіную казку, якую яна ведала...

Так і згарэла ўся.

Хлопчыкі зноў гулялі па дварэ, і ў самага малодшага блішчэла на грудзях тая самая залатая зорка, якая ўпрыгожвала ёлку ў найшчаслівейшы дзень яе жыцця. Гэты дзень прайшоў, і жыццё ёлкі скончылася, і наша казка скончылася.

Усё на свеце мае свой канец!