Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Пі-пі! - піснула раптам мышанё і выскачыла з норкі; за ім яшчэ адно маленькае. Яны пачалі абнюхваць дрэва і шмыгаць між яго галінамі.

— Надта холадна тут! - сказалі мышаняты. — А то зусім добра было-б. Праўда, старая ёлка?

— Я зусім не старая! — адказала ёлка. — Ёсць шмат дрэў старэйшых ад мяне.

— Адкуль ты і што ты ведаеш? — спыталі мышаняты; яны былі надта цікаўныя. - Раскажы нам, дзе самыя лепшыя месцы на зямлі? Ты была там? Ці была ты калі-небудзь у кладоўцы, дзе на паліцах ляжаць сыры, а пад столлю вісяць шынкі і дзе можна папляваць па сальных свечках? Туды ўвойдзеш худым, а адтуль выйдзеш тоўстым.

— Не, такога месца я не ведаю, - сказала дрэва. — Але я ведаю лёс, дзе свеціць сонца і пяюць птушкі.

І яна расказала ім пра сваё жыццё ў лесе. Мышаняты ніколі не чулі нічога падобнага і, выслухаўшы расказ ёлкі, сказалі:

— Як-жа ж ты дужа бачыла! Якая ты была шчаслівая!

— Шчаслівая? - сказала ёлка і задумалася аб тым часе, пра які толькі што расказвала. - Так. Магчыма, тады мне жылося нядрэнна!

Затым яна расказала ім пра той святочны вечар, калі яна была ўпрыгожана пранікамі і свечкамі.

— О! — сказалі мышаняты. - Якая-ж ты была шчаслівая, старая ёлка!

— Я зусім не старая! — адказала ёлка. - Мяне ўзялі з лесу толькі ў гэтую зіму. Я ў самай сіле. Толькі што ўвайшла ў рост.

— Як цудоўна ты расказваеш!- сказалі мышаняты і на другую ноч прывялі з сабой яшчэ чатырох, якім таксама трэба было паслухаць апавяданні ёлкі. А сама ёлка чым больш расказвала, тым ясней прыпамінала сваё мінулае, і ёй здавалася, што яна перажыла шмат добрых дзён.

— Добрыя былі часы! Але-ж яны вернуцца! Клумпе-Думпе з лесніцы зваліўся і то з прынцэсай ажаніўся. Можа і мне трапіцца які-небудзь прынц.