Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Яшчэ, яшчэ! — Яны хацелі паслухаць і пра Аведэ-Аведэ, але асталіся з адным Клумпе-Думпе.

Ціха задуменна стаяла ёлка, — лясныя птушкі ніколі не расказвалі нічога падобнага.

"Клумпе-Думпе зваліўся з лесніцы, і ўсё-ж яму дасталася прынцэса! Дык вось што бывае на белым свеце! — думала ёлка; яна шчыра верыла ўсяму, што зараз чула, — расказваў-жа такі сімпатычны чалавек. — Так, так, хто ведае? Можа і я звалюся з лёсніцы, а потым і мне дастанецца які-небудзь прынц”.

І яна з радасцю думала пра заўтрашні дзень: яе зноў убяруць свечкамі, цацкамі, золатам і фруктамі!

"Заўтра я ўжо задрыжу! - думала яна. — Я хачу зусім пацешыцца сваім шчасцем. І заўтра я зноў пачую казку пра Клумпе-Думпе, а, можа здарыцца, і пра Іведэ-Аведэ“.

І дрэўца ціханька прастаяла ўсю ноч, марачы аб заўтрашнім дні.

Раніцою з'явіліся слугі.

"Зараз зноў пачнуць мяне ўбіраць!“ - падумала ёлка. Але яны выцягнулі яе з залы, павалаклі па лесніцы і сунулі ў самы цёмны кут пад дахам, куды нават не даходзіла дзённае святло.

"Што-ж гэта значыць? Што мне тутака рабіць? Што я тут убачу і пачую?“

Яна прысланілася да сценкі і ўсё думала, думала...

Часу на гэта было досыць; праходзілі дні і ночы - ніхто не заглядваў да яе. Раз толькі прышлі людзі, каб паставіць тут нейкія скрынкі. Дрэўца стаяла зусім у баку, і на яго, здавалася, забыліся.

"На дварэ зіма! - думала ёлка.- Зямля зацвярдзела і пакрылася снегам; нельга, значыцца, зноў пасадзіць мяне ў зямлю, вось і прыходзіцца пастаяць пад дахам да вясны. Як яно разумна прыдумана! Якія людзі добрыя! Вось каб толькі не было тут гэтак цёмна ды пуста!.. Нават няма ніводнага зайчыка... А ў лесе як было весела! Навакол снег, а па снезе скачуць зайчыкі. Добра было!.. Нават, калі яны скакалі праз мяне, хоць я тады і злавала. А тут страшэнная адзінота”.