Старонка:Андрэй Мрый.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

фэрмэнты (ня ведаю, ці можна так гаварыць: у мяне нейкі пал да чужаземшчыны). У замену за гэта прырода адбірае ад мяне зусім нявартыя для мяне рэчы, за якія ніхто і шэляга ня дасьць. I вось гэты гандаль з прыродай выклікае ў мяне такую і пярэстую рознастайнасьць маіх настрояў, эмоцыяў, хаценьняў, жаданьняў, перажываньняў.

Адна ня вельмі разумная жанчына, якую я аднойчы ў вочы назваў індыйскім просам дурро, атэставала мяне, як дэклясаванага мешчаніна. Зразумела, гэта зусім ня так. Гэта назва выклікана помстай за маю досыць удалую атэстацыю. Праўда, памянёны філёзаф Торба адзначыў мяне, як клясава нявытрыманага байца, сказаў мне, што я неўраўнаважаны (а ён ураўнаважаны?) чалавек. Няхай сабе так. Скажу толькі, што я сам лічу сябе сучасным і здавальняюча-разумным чалавекам, хоць павінен зь вялікай неахвотай памянуць пра шапялёўскіх яўрэяў, якія пад нос завуць мяне «мішугэнэ». I гэта ня гледзячы на тое, што я ў райвыканкоме ў сваіх руках трымаю важныя спрунжыны культуры і ведаю, што раблю! Пра мінулае маўчу. Скажу толькі: я бывалы чалавек. Мяне матка часта ўпікае:

— Трынку, валынку, сьвету палавінку аб’езьдзіў, сьвет абкалаціў, ды сюды вараціў!

Некалькі разоў сядзеў я пад арыштам і карміў сваёй чырвонай кроўю блох ды іншых шасьцікрылых і шасьціногіх херувімаў і сарахвімаў. Ды і не магло быць інакш з маім тэмпэрамэнтам. Спамяну пра адзін выпадак.

У 20 годзе я быў прадагэнтам. Прыяжджаю ў Гомель, і на кажным кроку мне анкеты запаўняць даюць. Хто мой бацька, хто мая матка, што яны рабілі да рэвалюцыі і пасьля яе, ці была ў мяне маёмасьць, і калі была, дык куды яна дзелася? Да 300 запытаньняў было ў той анкеце, якую падсунулі мне ў заежджым доме № 3. На мяне ўсьсеў д’ябал нейкі. Думаю: дай-жа я пажартую зь імі, пагляджу, што зь іх будзе.

Пішу: да рэвалюцыі быў буйным земляўласьнікам, меў 300.000 акраў чарназёму, быў сакратаром пасольства ў Лёндане. I шмат яшчэ чаго нахлусіў.

Яны, галубчыкі, і сцапалі мяне. Пасадзілі ў блыхарню і