Старонка:Андрэй Мрый.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

трымалі там, пакуль добра высьветлілі, што я ніякім буйным земляўласьнікам ня быў.

Выпусьцілі мяне, але кар’ера мая была сапсавана, і я доўга ня мог знайсьці сабе месца, якое адпавядала-б маім здольнасьцям. Праз год я знайшоў сабе пасаду, і пра гэта будуць гаварыць мае запіскі.

Цяпер-жа скажу, чаму я сеў за стол і пачаў пісаць. Яшчэ тры гады назад я неяк напісаў у газэту карэспандэнцыю аб выбрыках старшыні каапэратыву і прачытаў яе асобе, якая для мяне даражэй за ўсё на сьвеце. I яна сказала мне:

— Пішы, пішы! Зь цябе можа і выпішацца што! Гэтыя словы, як маланкай, спалілі мяне. Як вар’ят, хадзіў я па пакою і мармытаў сабе гэтыя словы:

— Пішы, пішы! Можа што і выпішацца!

Цяпер я і пішу.

Але я не паперапсуй, пішу зусім не для таго, каб бачылі ўсе напісанае мною. Розум мой даўно прайшоў эмбрыёнальную стадыю разьвіцьця і я добра ведаю, якое вялікае значэньне маюць дробязі ў жыцьці. У маім цяперашнім пакоі я павесіў на сьцяне плякат із словамі аднаго вучонага, які сказаў:

— Каб мы ведалі ўсе дробязі жыцьця якой-небудзь казюлькі, мы шмат якіх памылак маглі-б не зрабіць!

Вось я і пішу свае запіскі. У іх буду гаварыць аб дробязях свайго жыцьця: як я з бацькам пасварыўся, як паехаў я шукаць свайго шчасьця, як хацеў там пашырыць сваё фізычнае я і як з гэтага нічога ня вышла.

Сам я не надаю ўсяму гэтаму вялікага значэньня. У сусьветныя маштабы ня веру.

Але мой сябра, настаўнік Мамон, каторы ўвесь час штурхае мяне на шлях славы, кажа мне, як Мэфістофэль:

— Твае мэмуары будуць перакладзены ня нямецкую, ангельскую, францускую і нават готэнтоцкую мову! Каб я меў час і здольнасьць, я зараз пачаў-бы перакладаць на гэтыя 4 мовы.

Заўважце што ў настаўніка Мамона ёсьць вельмі складаныя абавязкі мужа, бацькі, сына, загадчыка, рэвізора 7 устаноў і прамоўцы на ўсіх пасяджэньнях і нарадах. Калі ён гаворыць так, значыцца мае запіскі