∗
∗ ∗ |
Ноч праходзіла. Зашарэла на ўсходзе, і выразьней вырысаваліся верхавіны гор. Вось яны ўжо пазалаціліся, але ў лагчыне яшчэ цёмна. Патрывожаны туман заварушыўся і неахвотна, павольна пачаў уздымацца з плянтацыі.
Дэза спала, спаў і завадзкі пасёлак. Толькі дзе-ні-дзе ўстаў адзін-другі чалавек. Раптам пачуўся трывожны звон і крыкі:
— Пажар на плянтацыі!
Нібы мурашнік, заварушыўся пасёлак. Частка людзей кінулася на плянтацыю, а другая частка — у кампонг. У апошняй групе былі і даглядчыкі са сваімі бізунамі, і паліцэйскія, і нейкія чыноўнікі.
Загрымеў барабан на вёсцы, разьбегліся па вуліцы заводзкія людзі…
— Марш гасіць пажар! Жыва! Усе!
Спалоханыя жыхары ўскочылі, чухаліся, стаялі, нічога не разумеючы. Але бізуны прымусілі іх ачухацца. Зьявіўся лура, бегаў, крычаў з усіх сіл.
Плач дзяцей і жанчын, незадаволеныя крыкі мужчын, сьвіст бізуноў, лаянка, — стварылі такое ўражаньне, нібы на вёску напалі бандыты.
Няма чаго казаць, — насельніцтва ня мела аніякай ахвоты бегчы ратаваць панскае дабро. Людзі разьбегліся ва ўсе бакі, пачалі хавацца, гвалтаўнікі пачалі яшчэ больш злаваць.
— Стой! Куды ты? Я табе пакажу! — крычалі яны, не шкадуючы бізуноў.
Нарэшце, толькі чалавек пятнаццаць былі злоўлены і загнаны на поле. Там ужо агонь ішоў сьцяной, сухое трысьцё трашчала, асаблівы пах разносіўся ў паветры ад гарэлага цукровага соку. Толькі на невялічкім кавалку раней прыбегшыя людзі пасьпелі зрабіць прасеку, каб ня пусьціць агонь далей.
Пачалася агульная барацьба з агнём. Але людзей не хапала. Пакуль у адным месцы затрымаюць агонь, у другім ён абыдзе бокам.
Сам Більбо прыбег і бегаў, як шалёны зьвер:
— Ах, сволачы! Бунтаваць надумаліся? Мы з іх выб’ем гэты дух! — крычаў ён па адрасу тых, што не зьявіліся.
Толькі праз гадзіны тры агонь быў затрыманы. Чвэрць плянтацыі была зьнішчана. Але і ад рысу Па-Інго і некаторых іншых бліжэйшых суседзяў нічога не засталося: увесь ён быў вытаптаны.
Праз дзень у дэзу зьявіліся важныя госьці. Наперадзе ехаў стары з сівой барадой у чалме і белым халаце. Конь быў накрыты шоўкавай папонай з рознакаляровымі кутасамі. Побач ехаў Більбо і некалькі чыноўнікаў. Узброеныя коньнікі абкружалі старога, а ззаду ехаў воз са слугамі і рознымі рэчамі.
52