Більбо і голяндзкія чыноўнікі трымалі сябе перад старым пакорна і ўсім сваім выглядам выказвалі пашану да яго. А сам ён трымаў сябе, нібы цар.
Жыхары, якія трапляліся па дарозе, рабілі «дьонг-кок», знак вышэйшай пашаны. Рабіўся гэты знак вельмі проста: чалавек адыходзіў у бок і прысядаў, нібы па сваёй патрэбе, пакуль важная асоба не праедзе міма. Гэты дьонг-кок просты народ павінен рабіць перад кожным чыноўнікам, а перад белымі ўсімі, хто-б ён ні быў. Трэба адзначыць, што ў гарадох і нават такіх пунктах, як Банд’ю, дьонг-кок цяпер ужо ня выконваецца. Але перад такой вялікай асобай, як рэгент, прыходзілася вяртацца да старога звычаю.
Як мы ўжо казалі, рэгентам заўсёды бывае які-небудзь князь, патомак ранейшых уладароў краіны. Праз яго голяндзкая ўлада праводзіць усе сваё загады. Праўда, вышэй яго стаіць голяндзкі рэзыдэнт, губарнатар, але гэтыя рэзыдэнты кіруюць не народам, а рэгентам. Як усе чыноўнікі, яны мяняюцца, служаць толькі па некалькі год, а рэгенты ўсё жыцьцё сваё застаюцца на пасадзе і нават перадаюць яе ў спадчыну свайму сыну (зразумела, са згоды голяндзкай улады).
Яны памятаюць, што яны былыя ўладары, жывуць пышна ў сваіх палацах, маюць сотні слуг і жонак, маюць свой уласны ганаровы атрад войска. На ўсё гэта трэба грошы. Іх дае голяндзкі ўрад, і за гэта рэгенты служаць голяндцам не за страх, а за сумленьне.
Але і гэтых грошай не хапае. Тады яны пачынаюць рознымі спосабамі выціскаць з народу сокі на сваю карысьць, так што нават голяндзкаму рэзыдэнту прыходзіцца абараняць народ ад «іхняга» уладара.
І нарэшце, голяндцы кажуць явайцам:
— Чаго-ж вы хочаце болей? У вас свая ўлада. І, як бачыце, часам ня вельмі добрая. Прыходзіцца абараняць вас. Ці вам лепей будзе, калі мы пакінем вас адных з вашымі ўласнымі князямі?
Але разам з тым голяндцы старанна падтрымліваюць аўторытэт рэгента. У інструкцыі рэзыдэнту проста сказана, каб ён быў далікатным і ўважлівым да «малодшага брата».
Вось чаму і цяпер рэгент быў на першым месцы. Пад высокім дур’янавым дрэвам паставілі пекнае крэсла, слугі кінуліся памагаць рэгенту зьлезьці з каня. Калі рэгент сеў, побач сталі салдаты. Голяндцы нават не садзіліся.
Тымчасам загадалі, каб сабраўся ўвесь народ. Адчувалася, што будзе нешта важнае, мусіць, у зьвязку з пажарам. Са страхам сабраліся людзі і сталі навакол.
Стала ціха. Толькі высока над галавой рэгента шуршала лісьце, а сярод іх віселі плады.
53