за вольнасьць бацькаўшчыны, што лепшыя людзі гэта даўно ўжо робяць, што дзеля гэтага перш за ўсё трэба аб’яднаньне. Нібы новы сьвет адчыніўся перад вачыма Нонга, ён захапіўся новымі ідэямі і нядаўна запісаўся ў Сарэкат-Райят.
Толькі адзін раз і пасьпеў ён пабываць на сходзе сяброў партыі. Сабраліся ў горах. Прысутнічала чалавек сто. З прамовай выступіў прыежджы мулла ў белай чалме і чорнымі вогненнымі вачыма.
— Прававерныя! — грымеў ён гучным голасам: — дакуль мы будзем цярпець ярмо чужаземцаў? Дакуль няверныя будуць панаваць над дзецьмі прарока? Ці мы ня можам жыць і кіравацца самі, без чужаземцаў, як калісьці? Хіба ня маем мы сваёй слаўнай гісторыі? Ці ня мелі мы сваёй незалежнай дзяржавы? Прававерныя, рыхтуйцеся да барацьбы, асьвятляйце цёмны народ, заклікайце ў нашыя шэрагі, і тады мы прагонім чужаземцаў, зажывем вольным жыцьцём.
«Прававерныя» слухалі гэтыя словы і разумелі з іх толькі тое, што трэба прагнаць чужаземцаў. Слаўнай гісторыяй яны ня цікавіліся і аб прароку мала думалі.
Сапраўды, калісьці ў XII-XV стагодзьдзях на Яве былі незалежныя дзяржавы. Панавалі спачатку індыйскія цары, якія ўвялі буддыйскую веру, а потым арабскія, якія перавярнулі народ на магомэтанскую веру. Урэшце, у сучасных явайцаў засталася нейкая мяшаная вера, хоць на паперы яны лічацца магомэтанамі. Ды і наогул верай яны цікавяцца мала.
Ва ўсякім разе, словы «незалежнасьць» і «вольнае жыцьцё» стварылі ўражаньне на слухачоў. Яны нецярпліва чакалі, калі прыдзе час змаганьня.
І вось замест гэтага, Нонг сядзіць у сваёй хаце і сэрцам пакутуе за сваіх бацькоў.
К хаце падышоў «лура» (стараста).
— Па-Інго, — сказаў ён строга: — ты абяцаў заплаціць з заработку Нонга. Дзе гэты заработак?
Па-Інго маўчаў.
— Калі Па-Інго не ўнясе грошы праз тры дні, яго «сапі» (вол) зьменіць гаспадара, — казаў далей лура.
Ізноў ніякага адказу.
— «Лоло» (благая трава) вырасла ў вушах Па-Інго і перашкаджае яму слухаць голас розуму, — гучаў спакойны голас луры: — каб аддаў зямлю ў арэнду, ня было-б такога клопату.
— Пачакай, пакуль сабяру рыс, — прамовіў нарэшце Па-Інго.
— Шмат разоў усходзіла і заходзіла сонца, пакуль цябе чакалі. Больш ужо нельга. Падумай. Я сказаў.
І важна, павольна пашоў.
Па-Інго застаўся нярухомы. Толькі Нонг саскочыў і нэрвова пачаў хадзіць вакол хаты.
51