Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рабочыя занялі свае месцы, дык памяшканьне зрабілася нібы вялізнай скрыняй, ад падлогі да столі напакаванай людзьмі.

Мясцовыя рабочыя вельмі часта прасіліся нанач дадому, але іх ня пускалі, бо зранку лепей было гнаць на работу ўсіх разам.

Назаўтра, у час перапынку, на поле зьявіўся сам Більбо. З ім быў паліцэйскі і чалавек дваццаць новых рабочых.

Більбо загадаў усім рабочым сабрацца ля яго. Паліцэйскі выцягнуў паперу і выклікаў па прозьвішчу чалавек дваццаць рабочых.

— Вы члены Сарэкат-Райята? — грозна запытаўся ён.

— Не, не, — пачуліся спалоханыя галасы.

— Што? Яшчэ маніць? — тупнуў нагой паліцэйскі: — зараз-жа ідзіце прэч на ўсе чатыры бакі, пакуль я вас не арыштаваў!

Рабочыя пастараліся зьнікнуць, радуючыся яшчэ, што справа так добра скончылася. Замест іх былі пастаўлены новыя.

— Заўважце добра і вы ўсе, — сказаў Більбо, — што так будзе з кожным, хто ўваходзіць у розныя разбойніцкія банды, асабліва комуністычныя.

Дваццаць чалавек уцяклі, прапрацаваўшы тры тыдні, а заработак іх застаўся ў кішэні пана Більбо і яшчэ некага.

У ліку гэтых дваццаці быў і Нонг, сын Па-Інго.

Праз тыдзень праца па ўпарадкаваньню плянтацыі была скончана. Рабочых распусьцілі. Цяпер заставалася толькі чакаць, пакуль трысьцё пасьпее, а тады здымаць і звозіць на фабрыку.

Кампонг ажываў. Жыхары, што працавалі на плянтацыі, вярнуліся да хаты і зусім забыліся аб катаржнай працы, біцьці і зьдзеках. Як дзеці, яны цешыліся сьвятам і тымі невялікімі грашыма, што зарабілі. Цяпер ужо наўрад ці думаў хто з іх аб ворагах-чужаземцах і аб барацьбе супроць іх. Толькі ў хаце Па-Інго было сумна. У кутку ляжала хворая жонка і лячыць яе ня было за што. Рыс увесь даўно ўжо зьелі, жывіліся аднымі пладамі. А новы ўраджай гінуў на вачох. Адна надзея была на заработак Нонга, а цяпер і заработак увесь прапаў.

— Лепш-бы ты ня зьвязваўся з усім гэтым, — з дакорам сказаў ён сыну.

Сын нічога не адказаў і апусьціў галаву, нібы вінаваты. Ён яшчэ сам ня мог разабрацца ў сваіх пачуцьцях. Зразумела, крыўда і злосьць на прыгнятацеляў былі галоўным пачуцьцём, але сямейнае становішча, гора мімаволі выклікалі думку: каб ён быў убаку ад усяго гэтага, ня было-б такога няшчасьця ў доме.

З дванаццаці год прымаў ён удзел у працы на прадпрыемстве Більбо. Але праца была часовая, сэзонная. То некалькі дзён, то месяц на полі, потым выпадкова на заводзе. Там ён сустракаўся з рознымі бывалымі рабочымі і ад іх пачуў, што трэба змагацца з чужаземцамі

 

50