Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кварталу з гучным званьнем «капітана» ці «маёра». І такі «капітан» так грае ў дудку голяндцам, што лепш ня трэба.

Кітайцы таксама зьяўляюцца і найлепшымі рамесьнікамі. Тут на рынку, або на вуліцы ля сваіх хат яны адчынілі і свае майстэрні.

Яшчэ болей ёсьць бяздомных кітайскіх рабочых — кулі, але яны расьсеяны па плянтацыях, прадпрыемствах і розных другіх мясцох, дзе патрабуецца танная падзённая праца. Усяго кітайцаў на Яве больш мільёну.

Значнае месца займаюць і арабы, якія таксама маюць асобны квартал.

Толькі гаспадары краіны — малайцы ня ўмеюць прыстасавацца да гандлю і розных прадпрыемстваў, а займаюцца галоўным чынам наёмнай працай.

Па бакох базару цягнуліся каналы, а па іх ўзад і ўперад снавалі гружаныя лодкі.

Тугай ішоў наўскасок і толькі трымаўся за свой капялюш, каб ён ня скінуўся. Сярод базару ён убачыў мінгера Піпа.

Нейкі араб настойліва прапаноўваў Піпу купіць саронг.

— Туан! Вы адзін выпадкова прыйшлі сюды, дык я хачу задаволіць вас. Купляйце гэты саронг. Ён прывезены з сярэдзіны краіны, паходзіць ад старадаўніх явайскіх цароў XVI стагодзьдзя. Прыгледзьцеся толькі, якая работа! У Эўропе вы атрымаеце за яго ў сто разоў болей. Карыстайцеся выпадкам! Усяго толькі 150 гульдэнаў.

Саронг сапраўды быў цікавы, рознакаляровы, яркі і сапраўды меў старажытны выгляд. І калі араб зьехаў на 80 гульдэнаў, Піп ня вытрымаў спакусы і купіў дзіўны саронг, які… фабрыкуецца ў Эўропе па 8 гульдэнаў за штуку!

Зараз пасьля гэтага народ адышоў, і перад Піпам зьявіўся чалавек, увесь абвешаны… гадзінамі! Яны варушыліся ва ўсе бакі, задзіралі свае галовы і высоўвалі языкі. Меншая з іх была таўшчынёю з руку.

— Туан! Купляйце боа! Добрыя боа! Па дзесяць гульдэнаў за штуку. Купляйце! Лепшых нідзе ня знойдзеце! Ну, па 5 гульдэнаў, а гэтага аддам за 3.

— Не, не, ня трэба! — замахаў рукамі Піп і хутка пашоў.

Гэтае здарэньне нават сапсавала яму настрой. Ён прагнуў сустрэцца з такімі гадзінамі дзе-небудзь у першабытным лесе, сярод гушчару, бамбукаў, і г. д., а тут — на табе! — прапануюць на рынку па 3 гульдэны, як каўбасы ў Амстэрдаме. Проста прыкра глядзець!

Тугай пашоў далей. На рагу базару ён заўважыў натоўп і нейкае хваляваньне сярод народу. Праціснуўшыся наперад, ён убачыў на зямлі хлопчыка гадоў 10, які ляжаў у няпрытомнасьці, а галава яго ўся была заліта крывёю.

 

32