Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

плады, якія ляжаць вялікімі грудамі, і трэба толькі дзівіцца, хто іх раскуплівае.

Купляюць іх цэлымі галінамі, нізкамі больш за паўпуда вагаю і такой даўжыні, што ўскінутая на плечы гэтая нізка цягнецца другім канцом па зямлі.

Зразумела, галоўнымі з іх зьяўляюцца бананы, якія тут адыгрываюць такую-ж ролю, як у нас бульба. Яны маюць больш ста гатункаў рознай велічыні і з розным смакам. Потым ідзе плод хлебнага дрэва, самы вялізны з усіх пладоў — ён часамі бывае велічынёю з дзевяцігадовае дзіця.

Далей какосавыя арэхі, ананасы, апэльсыны, пампэльмусы велічынёю з гарбуз, а там і такія цудоўныя рэчы, аб якіх мы нават і ня чулі.

Вось нейкая дыня «папайя», якая расьце на дрэве; у сярэдзіне яе знаходзяцца зерняткі акурат як наша рыбная ікра. Вось «сау маніла», падобная да нашых сьліў.

Там нібы зялёная ігруша з дзіўнай назвай «адвакат». Сама яна амаль бяз смаку, але калі яе расьцёрці ды падліць лыжачку віна ці кавы, тады робіцца нешта такое смачнае, што калі хто раз яе пакаштаваў, дык потым ужо заўсёды будзе думаць аб гэтым «адвакаце».

Вось «дур’ян», падобны да гурка, велічынёю з дзіцячую галаву, з цьвёрдымі калючкамі на скуры, але такі сьмярдзючы, што ў готэлях яго нават не падпускаюць блізка да памяшканьня. Ён сьмярдзіць — і гнілым сырам, і гнілым мясам, і часнаком. Але ў сярэдзіне яго знаходзіцца нібы сьмятана, досыць смачная і орыгінальная па смаку. Кажуць, што нават сярод эўропэйцаў ёсьць такія аматары, што гатовы на край сьвету ехаць, каб толькі пакаштаваць гэтага дур’яну.

Вельмі каштоўным лічыцца «мангустан», на манер нашага яблыка. У сярэдзіне яго знаходзіцца «марожанае», якое ядуць лыжачкамі. Гэта вельмі далікатная садавіна, яна нават у лёдзе ня можа пратрымацца болей 48 гадзін.

Вось «манго» са смакам шпігінару, вось «рамбутан», як каштан, «дуку» на манер вінаграду і г. д. Але нашыя людзі кажуць, што ўсе гэтыя штукі ня варты аднэй добрай антонаўкі. Мусіць, таксама яванец не аддаў-бы свайго дур’яну за ўсе нашы яблыкі і ігрушы.

Большасьць гандляроў на рынку былі кітайцы, затым арабы. Малайцаў-жа зусім мала, галоўным чынам тыя, што прадавалі свае ўласныя сельска-гаспадарчыя продукты.

Вакол усяго Вялікага і Індыйскага акіянаў, мусіць, ня знойдзецца больш-менш значнага гораду, дзе-б кітайцы ня мелі свайго асобнага кітайскага кварталу. Таксама і ў Батавіі, дзе яны складаюць 30 тысяч чалавек.

І большасьць гандляроў на рынку былі кітайцы. Сярод іх ёсьць і вельмі багатыя, якіх голяндцы прызначаюць кіраўнікамі кітайскага