Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Хапіла-б і двух чалавек на аднаго, абы толькі дружна, разам.

— Яно так, але як гэта зрабіць, каб усе адразу? Тады-б і я згадзіўся пайсьці.

— Ва ўсякім разе некаму трэба пачаць. Вось яны і пачалі. Ну, а мы… Няўжо-ж мы пойдзем супроць сваіх братоў?

Асьцярожна, азіраючыся па бакох, шапталі «дзікуны» ў форме каралеўскага голяндзкага флёту. Можа сярод іх ёсьць такі, — і напэўна ёсьць, — які пабяжыць да паноў і перакажа гэтую гутарку, але тыя, хто адважваўся выказваць такія рэволюцыйныя думкі, ужо парашылі далучыцца да сваіх і ведалі, што прынамсі ў гэты момант ім нічога ня могуць зрабіць.

— Няўжо-ж я павінен забіць майго брата Салула, каб абараніць жыцьцё мічмана ван-Хорка, які абодвух нас прыгнечвае?

— Мы і ня будзем яго забіваць, кожны чалавек жыць хоча. Я ня веру, каб некалькі чалавек маглі вызваліць усю краіну і не хачу дарма падстаўляць сваю галаву. — Мы можам спачуваць ім і нават чым-небудзь памагчы, але такім чынам, каб самому ня згубіць галавы. Каб усюды ўсе разам, — тады другая справа.

— А я лічу, што гэта проста рабунак. Захацелася чалавеку пажывіцца на чужы кошт, захацелася самому зрабіцца панам, — вось ён і пачаў.

Гэта сказаў Гоно, гультай і праныра, які ў сваім жыцьці цікавіўся толькі картамі і гарэлкай.

Усім зрабілася неяк няёмка, быццам зьявіўся нейкі чужы, незнаёмы чалавек. Гутарка спынілася, усе падумалі, што вось гэта і ёсьць той, які ўсё перакажа начальству.

Тады падняўся Сагур, адзін з лепшых сьвядомых матросаў.

— Слухай, Гоно! Твая сабачая душа не зразумее пачуцьця людзей. Лепш ты-б ішоў на сваё месца — каля парогу тваіх гаспадароў. Там ты патрэбен, а тут табе няма чаго рабіць.

Прысутныя задаволена загулі. Гоно ўбачыў, што ён даў маху, што яшчэ невядома, хто возьме верх, — і пачаў апраўдвацца.

— Чаго вы вызьверыліся? Я выказаў такую самую думку, як і іншыя, тыя, якія ня хочуць дарма лезьці ў пятлю. Але наогул я такі самы яваец, як і вы, і таксама жадаю дабра свайму народу.

— «Альлё, альлё!» — данёсься голас з машыннага аддзяленьня. Усе паўскаквалі і пашлі туды.

З другога боку ўжо падыходзіў мічман ван-Хорк са сваімі голяндцамі.

— Слухаем!

— Вось вам апошняя прапанова, — пачуўся з трубы выразны голас Салула: — калі вы праз 15 хвілін здадзіцеся, вы ўсе будзеце адпушчаны на волю без перашкоды. У іншым выпадку мы пакінем на караблі вашых зьвязаных таварышоў, ад’едзем на лод-