Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ках і ўзарвём карабель разам з вамі ўсімі. Аніякіх перамоў з вамі больш весьці ня будзем і чакаем адказу роўна праз 15 хвілін.

Голас сьціх.

Ван-Хорк падышоў да рупару і няцьвёрдым голасам сказаў:

— Войска яе каралеўскае вялікасьці разбойнікам не здаецца. Прапануем вам самім пакінуць карабель.

Але адказу ніякага ня было. І гэта зьяўлялася жудаснай адзнакай таго, што час перамоў прашоў, што настаў час дзеяньня.

Віхрам заварушыліся думкі ва ўсіх галовах. У працягу некалькіх хвілін ніхто не прамовіў аніводнага слова, прыслухоўваючыся кожны сам да сябе.

Але думалі яны не аб тым, здацца, ці не, — нават сам мічман аб гэтым ня думаў, — а толькі аб тым, як гэта зрабіць.

Тубыльцы думалі, што ім трэба будзе паўстаць супроць голяндцаў, каб прымусіць іх здацца. Але тады і іх абвінавацяць у бунце. Пакуль можна, трэба было чакаць, ці не пачнуць першымі самі белыя.

А белыя матросы таксама баяліся ісьці супроць мічмана, каб і іх потым не абвінавацілі ў паўстаньні.

Слова, такім чынам, было за мічманам. Але як ён можа добраахвотна згадзіцца на здачу, калі толькі што сам казаў, што гонар голяндзкага мундзіра патрабуе лепш загінуць, чымся здацца?

Во, каб яго прымусілі, тады-б была зусім іншая справа! Ён тады-б застаўся героем, які так і прагнуў узьляцець у паветра, але яго гвалтам прымусілі здацца. Усе дзівіліся-б яму, гаварылі-б аб ім.

Але, як на злосьць, усе маўчалі. Хоць ты вазьмі ды сам прасіся, каб яны ўзбунтаваліся!

Дапамог неваенны, мірны чалавек, — доктар.

— Я думаю, — сказаў ён, — што тут і разважаць няма чаго. Нікому ня будзе аніякай карысьці, калі мы загубім сябе, і капітана, і ўсіх іншых. Мы нават ня маем права гэтага рабіць.

Сэрца мічмана закалацілася ад радасьці. Ён застанецца героем!

— Не забывайцеся, — сказаў ён сурова, — што мы на пасту. Не забывайцеся, што мы вязём зброю, якая трапіць у рукі ворага, і гэта можа адбіцца на становішчы ўсіх нашых колёній. Мы абразім гонар Голяндыі, гонар нашай каралевы, калі без барацьбы аддамося ў рукі бандытаў, як пацукі ў пастцы. Мы павінны са зброяй у руках зрабіць апошнюю спробу.

Гэтая гарачая прамова так захапіла мічмана, што ён усур’ёз пачаў верыць таму, што казаў. Прамова ішла ўсё шпарчэй і шпарчэй, мічман грозна трос кулаком і зусім не заўважваў, што яго воінства бяз слоў дагаварылася і — белыя і чорныя разам — пачало адпіхваць мічмана ад рупару.