яго геройства прападзе дарма: не пачуе ён і ня ўбачыць сваёй славы, ня будуць на яго пазіраць жанчыны з захапленьнем і жаданьнем…
Ціха і сумна зрабілася ў каюце. Кожны думаў пра сябе: што будзе? Але ніхто з іх, здавалася, так не пакутваў, як малады мэханік Гейс.
Гэта быў чалавек гадоў 26 з цёмным энэргічным тварам, але сьветлымі валасамі. Ён то бялеў, то чырванеў, то сядзеў нярухома з заплюшчанымі вачыма, то хадзіў з кута ў кут. Відаць было, што ў ім робіцца нешта нязвычайнае, што ён перажывае нешта большае ад усіх іншых.
Нават ван-Хорк заўважыў гэта і са сьмехам сказаў:
— Эге-ге, брацішка Гейс. Ня думаў я, што ты такая баба. Чаго гэта ты раскіс? Рана яшчэ. Убачыш яшчэ, як іх будуць расстрэльваць.
Гейс нэрвова ўздрыгануўся і вышаў за дзьверы, нічога не адказаўшы.
— Хто-б мог падумаць, што гэты Салул — здраднік! — задуменна сказаў доктар: — хто ведае, можа і сярод тых, якія ля нас, таксама знаходзяцца здраднікі?
— Дзікуны заўсёды застануцца няўдзячнымі, колькі-б дабра ім ні рабілі, — упэўнена адказаў мічман, — яны толькі таго будуць шанаваць і нават любіць, хто іх моцна трымае ў руках і каго яны баяцца. А ў нас, нажаль, пачалі аб гэтым забывацца.
А «дзікуны», тымчасам, у ліку 20 чалавек, сядзелі асобна ў сваёй каюце і прыслухоўваліся, што робіцца наверсе.
— Нічога ня будзе з гэтага, — казаў адзін. — Белыя вельмі магутныя. Колькі сот гадоў яны пануюць і ніхто ніколі ня мог іх перамагчы.
— Каб і ўдалося захапіць карабель, — сказаў другі, — усёроўна з адным гэтым караблём нічога ня зробіш. У іх ёсьць шмат другіх караблёў, і яны зловяць яго.
— А шкада Салула, ён быў такі добры сябра.
— Чаго-ж ты яго шкадуеш?
— Загубіў свае жыцьцё, расстраляюць яго.
— Але пакуль што, ён сам можа расстраляць іх.
— Дык гэта-ж пакуль-што, а канец вядома які будзе. Што могуць зрабіць некалькі чалавек?
— А хто перашкаджае і нам далучыцца да іх?
— Ну, ды што-ж з гэтага? Заместа 30 чалавек расстраляюць 50, а карысьць тая самая.
— Вось калі-б усе разам падняліся, тады была-б зусім другая справа! Тады-б ужо яны нічога не маглі-б зрабіць, бо нас было-б прынамсі 1000 чалавек на аднаго.