Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/203

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сурат і яго дзесяць таварышоў так змарыліся, сочачы і поўзаючы сьледам за мінаносцам, што ледзь маглі рухацца. Калі канчаткова выявілася, што вораг мерыцца тут высаджвацца, Сурат даў загад, каб усе бліжэйшыя таварышы разьмясьціліся вакол гэтага пункту і каб ніхто не страляў, пакуль ён ня дасьць сыгналу.

Цяжка было зрабіць гэта разьмяшчэньне пад пільным наглядам ворага. Але спрытныя інсургенты з дапамогай скал і дрэў выканалі заданьне. Цішыня і бязьлюдзьдзе ў працягу некалькіх гадзін супакоілі нават супраціўнікаў. Яны дзейнічалі значна сьмялей і з меншай асьцярожнасьцю.

Вось над берагам ускінуўся канец вяроўкі з крукам, раз, другі. Вось ён замацаваўся. Вось паказалася галава першага салдата. Азірнуўся ён ва ўсе бакі, вылез, лёг і наставіў вінтоўку наперад. За ім другі, трэці. Бачачы, што ўсё спакойна, рэшта трымала сябе зусім вольна; стаяла, памагала таварышом узьлезьці. Паменшылася напружанасьць і на мінаносцы.

У інсургентаў аж рукі сьвярбелі ад нецярплівасьці. Сурат баяўся, што хто-небудзь ня вытрымае. Баяўся ён яшчэ, што таварышы забудуцца аб накірованых з мінаносца вінтоўках і кулямётах і высунуцца ў часе бойкі з-за сваіх прыкрыцьцяў. Дзеля гэтага ён перадаў па лініі новы загад аб асьцярожнасьці.

Калі ўсе дванаццаць чалавек высадзіліся, Сурат хацеў ужо даць сыгнал, як заўважыў, што ад мінаносца адыходзіць новая лодка, таксама з дванаццацю чалавекамі.

— Эге! — падумаў Сурат. — І яны ня дурныя. Не давяраюць цішыні. Тым горш для іх. Нас хопіць і на дваццаць чатыры чалавекі.

І ён пачаў чакаць, пакуль і тыя высадзяцца.

Але вось адзін з салдат здрыгануўся, штырхануў пад бок свайго суседа, нешта крыкнуў і стрэльнуў. Відаць, заўважыў якогась неасьцярожнага інсургента.

У адказ затарахцелі стрэлы з сотні вінтовак, і праз некалькі хвілін адзінаццаць чалавек дрыгалі на беразе, прабітыя кулямі, а дванаццаты скуліўся ў ваду.

Дождж куляў пасыпаўся з мінаносца, забухалі гарматы. Пачалася бойка, як сьлед. Але дзе там было дасягнуць па-за скаламі паўстанцаў! Яны нават маглі не адстрэльвацца; усёроўна вораг ня мог да іх падыйсьці. А тымчасам сам мінаносец быў добрай цэльлю. На ім ужо зьявілася некалькі забітых і параненых.

Ван-Хорк хутка ўбачыў, што пры такіх умовах біцца немагчыма і ад’ехаў далей. Тым, болей, што па стрэлах было відаць, што інсургентаў значная колькасьць. Бойка спынілася. З мінаносца паляцела радыё аб здарэньні…

Тады інсургенты ўспомнілі, што ў іх ёсьць гармата. Яе не маглі

перанесьці таксама, як іншую лёгкую зброю, і павінны былі цягнуць навакол па лагчынах. У аднэй такой лагчыне і стаяла яна цяпер.

 

197