Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/202

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Да «Ластаўкіных гнёздаў» паехаў, — казалі таварышы. — Спазьніўся, браток.

Сурат вызначыў дзесяць найбольш спрытных таварышоў, растлумачыў ім заданьне і, хаваючыся па-за скаламі, яны папаўзьлі ўсьлед за мінаносцам. Астатнім было сказана, каб яны ня рухаліся і маўчалі, хоць-бы нават пачулі стрэлы.

Мінаносец пад’ехаў да «Скал ластаўкіных гнёздаў» і спыніўся. Па рухах камандзіраў і каманды было відаць, што яны зьдзіўлены, дзе тут мог быць прытулак для досыць вялікага карабля?

Сурат з таварышамі тымчасам пашоў на свой ранейшы наглядальны пункт.

Мінаносец нерашуча пастаяў на месцы, потым пад’ехаў крыху наперад, пасунуўся назад, дасьледуючы бераг. Урэшце, стаў супроць фіёрду і спусьціў шлюбку. У яе ўвайшло дванаццаць чалавек з вінтоўкамі напагатове. На палубе выстраілася ў баявой гатоўнасьці ўся каманда. Накірованы былі на бераг кулямёты і тыя невялікія гарматы, што былі на мінаносцы. Відаць, не давяралі гэтай цішыні і спакойству.

Лодка праскочыла праз праход і ўвайшла ў фіёрд.

— Добра было-б іх цяпер пастраляць! — казалі таварышы наверсе, адкуль яны ўсё добра бачылі, а самі былі схованыя па-за скаламі і дрэвамі.

— Ні ў якім разе нельга! — прашаптаў Сурат. — Хай яны лепш думаюць, што тут ня толькі нікога няма, але нават і ня было.

Але апошняя надзея была дарэмная. З лодкі адразу заўважылі ў ціхім фіёрдзе сьляды прысутнасьці чалавека: паламанае гальлё, кавалкі дрэва, дошчачкі, паперу і іншае сьмецьце, якое павінна было застацца пасьля такой вялікай стаянкі.

Матросы ўвесь час пазіралі ўгору, шукаючы месца, дзе-б можна было высадзіцца. Але, апрача той шчыліны, праз якую па вяроўцы ў першы раз падымаліся інсургенты, — нічога іншага не маглі знайсьці. І, відаць, дзівіліся, якім чынам тут можна было прыстаць ды яшчэ праз рыфы?

У такім сэнсе і далажылі ван-Хорку, калі вярнуліся на мінаносец. Што «Саардам» тут прыпыняўся і ўцёк, — было зусім ясна. Але ці выгрузіў ён зброю? Па ўсіх адзнаках гэтага зрабіць нельга было.

— А між тым гэты Гоно казаў, што яны выгружаліся, — ламаў галаву ван-Хорк. — Шкода, што ня пусьцілі яго са мной, а паслалі на нейкую іншую працу.

Але так кідаць справу нельга было. Трэба было абавязкова высадзіцца і абсьледваць бераг.

Тады мінаносец пачаў шукаць адпаведнага месца. Доўга езьдзіў ён узад і ўперад, пакуль знайшоў, дзе сяк-так можна было зачапіцца. І месца гэта было між малой і вялікай пячорамі.

 

196