Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/204

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ваяваць, дык ваяваць! — жартавалі інсургенты, прымаючыся за гармату.

Зараз-жа вылучылі найлепшых артылерыстых, якія і пачалі прыстасоўваць гармату. Але адразу выявілася, што ў іх не хапае ведаў для такой справы. Проста страляць яны ўмелі, але тут трэба было страляць з лагчыны па цэлі, якой ня было відаць. Трэба было рабіць матэматычныя вылічэньні. Адна толькі была важная перавага: мінаносец стаяў на месцы і ня думаў аб такой неспадзеўцы.

Перш за ўсё, трэба было вылічыць адлегласьць да цэлі. Прылада для гэтага была, але ўжываць яе нашы ваякі ня ўмелі. Пачалі колектыўна абмяркоўваць, як яе выкарыстаць. Адзін бачыў, як ёй карыстаўся афіцэр, другі бачыў бліжэй, трэцяму нават самому трапілася мэханічна яе ўжываць у часе вучэньня. Калі склалі разам усе веды ды папрактыкаваліся, дык нарэшце вылічылі адлегласьць.

Але вось, калі дайшла справа, пад якім кутом страляць, бо гармата стаяла ў лагчыне, — дык тут ужо зусім не хапала ведаў.

А цэль стаяла на месцы, ня рухалася…

Мудравалі доўга, прыпомнілі ўсю сваю практыку, наставілі бадай наўгад, дзесяткі разоў прыгледжваліся, наладжвалі, і… бухнулі!

Невядома, хто болей зьдзівіўся: інсургенты ці голяндцы, калі знарад неспадзявана зьнёс палову трубы і радыёвыя мачты. «Артылерыстыя» нават вачом сваім ня верылі.

— Бываюць-жа такія выпадкі! — дзівіўся Сурат.

— Значыцца, шчасьце на нашым баку! — радасна казалі неспадзяваныя героі.

Але-ж затое і ўзьеўся мінаносец! Так пачаў дзяўбсьці з гарматаў скалы, за якімі схавалася «артылерыя», што нават прышлося ўцякаць адтуль. А потым ледзь-ледзь завярнуўся і папоўз дадому.

Інсургенты зусім забыліся аб асьцярожнасьці, павыскакалі з-за скал, пачалі крычаць, страляць, і за гэта двое былі паранены.

Першая бойка выйграна! І выходзіць зусім нястрашна, нават лёгка. Як-жа ж пасьля гэтага не спадзявацца на канчатковы посьпех?

— Ну, ну! Ня надта радуйцеся, — уціхамірваў Сурат. — Гэта было яшчэ глупства. А вось праз некалькі дзён што будзе?

— Не баімся! Хай толькі сунуцца! — храбрыліся хлапцы.

— А цяпер адпачнем крыху, ды возьмемся за далейшую працу. Невядома, ці пасьпеем да таго часу зьнесьці ўсю зброю ў адно месца.

— Машыну, машыну наладжваць! — весела загулі таварышы. Відаць, яна ім вельмі падабалася, хоць і вымагала надзвычайнай працы і напружнасьці. Пакуль яе наладзілі, прайшло гадзіны са тры.

Тымчасам група таварышоў падышла да забітых ворагаў. З адзінаццаці чалавек толькі два былі белыя. Рэшта былі свае браты, тубыльцы. Праўда, з розных месц — з Борнэо, Цэлебэса, Балі, Мадуры, але ўсё-ж такі свае.

 

198