падымацца далей, бо тады паветра не затрымае яе, калі яно само выходзіць.
— У такім разе, давайце зараз-жа церабіць сабе праход.
Прыняліся за працу. З першых-жа крокаў намацалі, што з бакоў сьцены суцэльныя, але наперадзе былі навалены каменьні і зямля. Відаць, тут пячора калісьці абвалілася.
Энэргічна ўзяліся выварочваць каменьні, адграбаць зямлю. Калечылі рукі, паадбівалі ногі. Надавала бадзёрасьці тое, што ўсё-ж такі каменьні і зямля падаваліся.
А вада ўсё прыбывала…
— Таварышы! — сказаў нарэшце Гейс. — Дарэмная праца! Мы-ж капаем зямлю, фундамант, а не сьцяну. Выйсьце можа быць наверсе, там, дзе шчыліна.
— Але як туды дабрацца?
Гэта была задача!
А вада ўсё прыбывала…
І вось паверсе пачуўся стрэл! Адзін, другі… А потым пашла страляніна, як на вайне. Бухнула гармата з мора…
— Нашы! Нашы там змагаюцца! А мы тут як у пастцы. Гэй! Таварышы! Сюды!
Але дзе там было пачуць падземны голас ў часе страляніны!
А вада павольна, але няўхільна ўсё падымалася…
VII. БАРАЦЬБА ЗА ЗБРОЮ.
Першая перамога. — Новыя ваенныя опэрацыі. — Адзін аднаго абышлі! — Крытычны момант. — Неспадзяваная дапамога. — „Нерат“. — Машына зноў пушчана. — Хоць бачыць вока, але зуб не бярэ.
Калі «Саардам» схаваўся за небасхілам, інсургенты вярнуліся да першага часовага складу зброі, каб пераправіць яе ў галоўную пячору. Пачалі былі ўжо рыхтаваць сваю «машыну», як пачуліся галасы:
— Ваенны карабель!
З захаду набліжаўся чорны мінаносец. Ішоў ён павольна, прыглядаючыся да берагоў. Пад’ехаць ён павінен быў не раней, як праз гадзіну. Можна было падрыхтавацца.
— Закідаць скрыні зялёным гальлём! — крыкнуў Сурат. — Узброіцца і схавацца па-за скаламі!
Вось ужо мінаносец насупроць. На палубе відаць узброеная каманда. Вядомы нам мічман, а цяпер капітан ван-Хорк разглядае бераг праз бінокль. Але нічога, апрача скал і дрэў, ён ня бачыць…
Павольным, спакойным ходам мінаносец пашоў далей.
195