Перайсці да зместу

Старонка:Амок (1929).pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ваша вялікасьць! — з дакорам сказаў рэзыдэнт. — І так ужо заўсёды наперад бераце. Немагчыма-ж аж за наступныя гады даваць. Павінен быць нейкі парадак, нейкая мяжа.

— Ведаю ўсё гэта, паважаны рэзыдэнт, але ўжо так прышлося. Дайце ўжо апошні раз, болей ня буду прасіць. Прызнаюся вам пад сакрэтам, ёсьць акалічнасьць, якая прымушае мяне шукаць грошай, чаго-б гэта ні каштавала. Я думаю, нават вас гэта датычыцца.

— Што-ж гэта такое? — ужо больш уважліва запытаўся рэзыдэнт.

— Ня ведаю, адкуль пашлі чуткі, што я ня маю грошай, каб адсьвяткаваць належным чынам наша сьвята — Сурах. Гэтыя чуткі падхапіў Мангко Нэгоро і нават адважыўся прапанаваць мне, каб я прадаў яму свайго тыгра. Бачыце, заместа мяне Нэгоро зробіць урачыстае сьвята! Што-ж тады скажа народ? Гэта-ж будзе памяншэньне майго аўторытэту, а паколькі я ведаю, гэта і ня ў вашых інтарэсах.

У вачох рэзыдэнта бліснула ледзь значная ўсьмешка.

— Ваша вялікасьць павінны былі загадзя прадугледзець такое становішча.

— Яно так, — уздыхнуў сусухунан, — але-ж я толькі цяпер даведаўся аб гэтым. Гэта Радан-Бого дацягнуў да апошняга моманту. Ва ўсякім разе, цяпер ніякага іншага выхаду няма. Я ўпэўнены, што вы не дапусьціпе, каб пахіснуўся мой аўторытэт сярод народу.

— А колькі-б вы жадалі? — запытаўся рэзыдэнт, пастукваючы пальцамі па стале і гледзячы некуды ўбок.

— Ды тысяч сто.

— Не, ваша вялікасьць, гэта немагчыма. Гэта-ж будзе бадай за два месяцы на наступны год.

— Ці вы баіцеся, што я не дажыву да таго часу? — скрывіўся імпэратар.

— Усе мы пад Аллахам ходзім, — задуменна адказаў рэзыдэнт.

— Ну, тады хоць восемдзесят.

— Болей пяцідзесяці даць не магу, — цьвёрда адказаў рэзыдэнт.

— Надбаўце яшчэ хоць дзесяць — жаласна прасіў імпэратар.

— Не магу. Нават гэтыя даю толькі ў знак асабістай павагі да вашай вялікасьці, дзеля падтрыманьня вашага аўторытэту.

— Хай будзе хоць так, — нібы з жалем сказаў сусухунан, а ў самога адразу лёгка зрабілася на сэрцы.

Перакінуўшыся яшчэ некалькімі словамі, яны накіраваліся да выйсьця.

Ледзь толькі пераступілі парог, рэзыдэнт зноў зрабіўся надзвычайна ўважлівым, лагодным, вывеў госьця на ганак, доўга кланяўся на разьвітаньні.

Сусухунанава дружына замітусілася, выстраілася ў парадак. Надзвычайная веліч, здавалася, вылучалася ад усёй асобы сусухунана.

 

167